палкае развітанне ўразіла Алега, і ён у думках пазайздросціў закаханым і нават пашкадаваў, што яны расстаюцца – уявіў пустату і шчымленне, якія агорнуць абодвух, як толькі кранецца цягнік.
Але цягнік пайшоў, тыя, што яго праводзілі, таксама пачалі разыходзіцца, а гэтыя двое, нібыта нічога на свеце для іх зараз не існавала – ні цягніка, ні пасажыраў, – усё яшчэ горача цалуючыся, развітваліся. Алег, убачыўшы такое, жахнуўся, падбег да іх і, спяшаючыся – апошні вагон яшчэ можна было дагнаць, – пацягнуў хлопца за рукаў:
– Гэй, таварышы, цягнік пайшоў!
Яны нехаця адхінуліся адно ад аднаго – ён неахвотна выпусціў са сваіх яе вусны, яна яшчэ раз дагнала іх, пацалавала і толькі тады паглядзела ў Алегаў бок і іранічна спыталася:
– Няўжо пайшоў? Што вы кажаце…
У яе словах Алег адчуў насмешку. А калі закаханыя, нават і не зірнуўшы ў бок поезда, які ўжо далекавата стукаў на стрэлках, абняўшыся, паволі падаліся ў тунэль, ён зразумеў, што ніхто з іх нікуды не ад’язджаў, а сюды, у вакзальную таўхатню, яны прыйшлі, мусіць, проста пацалавацца: на вуліцы – нельга, у скверы – няёмка, усе глядзяць як на дзівакоў, а тут ніхто не звяртае ўвагі – маўляў, няхай-няхай развітваюцца закаханыя. Што такое бывае, ён ведаў і раней – нехта з сяброў расказваў пра гэта, – а вось жа, на табе, прамахнуўся, уставіў і тут свае тры грошы – аж за руку пацягнуў: «Гэй, таварышы!» Вось табе і «таварышы»… Цьфу ты, д’ябал!
Злуючыся, плюючыся і дакараючы сябе за тое, што вось і на гэты раз улез не ў сваю справу – гэткі ім таварыш знайшоўся! – Алег, не спускаючыся ў тунэль, цераз пуці – балазе цягнікоў не было – паволі пайшоў у вакзал…
Займалася ўжо другая гадзіна ночы. Народу на вакзале крыху паменела, але ўсё роўна было яшчэ многа – дастаткова, каб не адчуваць сябе адзінокім. Ён зноў паштурхаўся ля кас, зноў доўга, задраўшы галаву, вывучаў расклад руху цягнікоў.
У зале чакання Жавейка заўважыў вольнае месца, пайшоў туды і, асцярожна пасунуўшы ногі мужчыны, які салодка хроп на лаўцы, сеў каля яго сам.
Пасажыры, чые цягнікі ішлі пазней, пад раніцу, прыладзіліся, хто як змог, і ўжо моцна – хто сапучы, хто храпучы, хто падсвістваючы – спалі. Абводзячы вачыма сонную залу, Алег успомніў, што заўсёды, калі яму здаралася бачыць вакзал ноччу, ён шчыра шкадаваў, што не ўмее маляваць. Паставы тых, хто спаў, былі такія выразныя, што яму здавалася, нічога не трэба ні дадаваць ад сябе, ні выдумляць – малюй так, як ёсць, і ты падорыш свету шэдэўр «Начны вакзал».
Вунь сядзіць мужчына – галава адкінулася далёка назад, востры коўцік аж выпірае, нацягвае скуру на шыі, адна рука, як чужая, вісіць за лаўкаю, другая ласкава абдымае брудныя чаравікі суседа, канечне ж, зусім незнаёмага чалавека, які ўспёр свае ногі яму на калені, – соладка спіць, седзячы, і яшчэ, д’ябал, шчасліва ўсміхаецца ў сне, нібыта нічога прыемней за сон вось у гэткім нязручным становішчы няма. А вунь сядзяць дужа розныя – большыя і меншыя, тонкія і тоўстыя – хутчэй за ўсё таксама незнаёмыя між сабою