Янка Сіпакоў

Двое на вуліцы


Скачать книгу

мужчыны ў розных кнігах і кінафільмах! – прыціснутая цукеркаю, каб не знёс вецер, які пырхаў пры адчыненым акне. Яму хацелася, каб гэта быў сон і каб, прачнуўшыся, ён нічога не ўбачыў на стале, але гэта была ява, і запіска напраўду ляжала перад ім.

      «Алег, даруй мне, але інакш я не магу. Мы з Вовам выходзім замуж і пакідаем цябе. Не шукай нас і не спрабуй што-небудзь змяніць, – змяніць ужо нічога нельга. Бывай здароў і жыві як хочацца. З прывітаннем – Тоня».

* * *

      Ён ніколі не быў раўнівы.

      Нават тады, калі ў кватэру над імі, на апошні, пяты паверх, пасяліўся малады лейтэнант са сваёю жонкаю, з якім яны неяк адразу пазнаёміліся і які часта пачаў да іх заходзіць. Алег заставаўся спакойны, бо раўнаваць жонку не было ніякіх падстаў: лейтэнант прыходзіў, калі ён сам быў дома, гаварыў з жонкаю пры ім і не дазваляў сабе нічога такога, што б магло насцярожыць.

      Праўда, калі яны часам сем’ямі гулялі ў карты, яму было неяк крыху неспакойна. Ён не хацеў быць у пары з жонкаю, бо калі яны прайгравалі, яму было крыўдна і няёмка. Але ён не хацеў таксама, каб Тоня гуляла з Сашкам, бо калі яны, пераміргваючыся, пераглядваючыся, усміхаючыся адно аднаму, выйгравалі, яму зноў жа было непрыемна і раўніва: бач ты іх, разумеюць адно аднаго з паўслова. Але гэта былі дробязі, і ён хутка пра іх забываўся.

      Ранейшы іхні сусед зверху, які зараз пераехаў у новую, большую кватэру, быў мнагадзетны – яны з жонкаю мелі шасцёра ці нават сямёра дзяцей, – не гаваркі і таму часцей за ўсё маўчаў: нярэдка, калі сустракаліся ў пад’ездзе, ён, задумаўшыся, мог нават не павітацца – відаць, увесь час быў заняты думкаю, як накарміць і ў што апрануць такую грамаду дзяцей. А лейтэнант Сашка аказаўся таварыскім хлопцам – ён заўсёды знаходзіў прычыну, каб пабываць у суседзяў: летам яму дома было горача – маўляў, ведаеш, так напякло сонца ў дах, што ў хаце, як у інкубатары, – спякота, хоць ты задыхніся, у адных трусах і то млосна; зімою яму было холадна – ведаеш, снег жа над галовамі ляжыць, мароз як ціскане з усіх бакоў, дык здаецца, што бетон, нібы шалупінне, трашчыць: то пусціце пагрэцца ў вашу сям’ю.

      Дзяцей у іх пакуль не было, але лейтэнантава жонка хадзіла ўжо на россыпе. Сашка радаваўся гэтаму, выбіраў сыну імя, а калі прыходзіў да іх, гуляў з Вовачкам і падміргваў Алегу: «Ну, хопіць, хопіць табе задавацца. Хутка і ў нас свой Вовачка будзе». I, гладзячы малога па галоўцы, пытаўся ў яго: «Вова, а ты будзеш з нашым Вовам дружыць?»

      Але аднойчы Сашка прыйшоў да іх сумны.

      – Чаго гвардыя галаву павесіла? – пацікавіўся Алег.

      – Маўчы ты, кепскія нашы справы, – заклапочана адказаў лейтэнант.

      Высветлілася, што Ірка хадзіла ў жаночую кансультацыю. I там доктарка – ці то зусім нявопытная дзяжурыла, ці то яна сапраўды была злая і зрабіла гэта знарок, уважліва агледзеўшы жанчыну, нібы між іншым спыталася ў яе: «А навошта гэта вы зацяжарылі? Вы ж бачыце, які ў вас вузенькі таз? Вы ж не зможаце радзіць».

      Хоць доктарка потым і суцяшала яе, Ірка вярнулася дадому заплаканая. Яна, перапалоханая, плакала і дома, Сашка супакойваў яе, але і сам крыху разгубіўся: