вадкасці, Паліна нібы стаяла на шкле. Яна ад цікаўнасці павярнула галаву налева і тады, нібы па пстрычцы, яе акружылі тыя самыя істоты, аб якіх казаў Мікалай. Яны былі ў пашарпаным, брудным, чалавечым адзенні. На адкрытых участках блакітнай скуры можна было ўбачыць белыя ўзоры. Але бліжэй за ўсіх да Паліны стаяла тое самае стварэнне, што кранула яе ў вагоне. Яно было не падобна на астатніх, адрознівалася не толькі знешнасцю, але і чыстым, чорным, сухім адзеннем. Істота трымала Паліну за руку, як у электрычцы. Затым гучна пракрычала:
– Прымі! Прымі гэта, як належыць! Данясі! Данясі як выратаванне! Як нешта добрае! Як агульнае!
Пасля, паверхня перавярнулася на другі бок, як манета або як лёд на рацэ. Цяпер Паліна бачыла сябе на дне вадаёма. У асяроддзі белага багавіння і мёртвых рыб. Чырвоная сукенка была патрапаная і брудная. Чорныя валасы асвятляліся, ператвараліся ў белыя адценні. Яна стаяла, як раней, з працягнутай рукой, нібы адчувала дотык істоты. Затым зверху пачалі падаць у ваду чырвоныя густыя кроплі крыві, якія апускаліся ўсё ніжэй і цяжэй да яе рукі, пакідаючы пасля сябе чырвоную размазаную нітку. Калі ж першая цёплая кропля кранулася халоднай скуры Паліны, пачуўся гучны стрэл. Дзяўчына адразу ж адкрыла вочы, свядомасць вярнулася ў рэальны свет. Перад Палінай ляжала бяздушная істота, на якую павольна апускаўся пыл, павольна хаваючы выразную абмалёўку мёртвага цела.
Тады дзяўчына пачула голас Міколы, хлопец стаяў у яе за спіной.
– Яна кранула цябе? Істота паспела дакрануцца да тваёй скуры? – грубым тонам казаў ён, накіроўваючы на дзяўчыну пісталет.
Напалоханая і разгубленая Паліна не павярнулася да яго, яна не змагла сказаць ні слова. Быццам адчувала пагрозу, якая сыходзіла ад хлопца. Мікалай зноў паўтарыў тыя ж самыя пытанні і зрабіў крок назад, не жадаючы, але ён гатовы быў стрэліць ёй у галаву.
– Не… – ціха, скрозь сухія вусны, ледзь чутна прасачыўся адказ Паліны.
Хлопец не апускаў пісталет і з лёгкім недаверам паглядзеў на яе спіну.
– Павольна павярніся. Паглядзі на мяне, – сказаў ён.
Дзяўчына апусціла руку і павярнулася да яго. Мікалай, не падыходзіў, старанна аглядаў напалоханую Паліну, якая дрыготкім голасам спытала:
– Ты заб'еш мяне?
– Адкажы. Ты тут бачыш толькі мяне? За мной няма нікога або вакол нас? Няма нічога дзіўнага?
Бачачы перад сабой пісталет і вусцішныя зялёна-жоўтыя вочы хлопца, Паліна яшчэ больш спалохалася. Яна разважала, стрэліць ён ці ж не. «Які яму патрэбен адказ?» Яна хутка перабірала ў галаве розныя варыянты свайго рашэння і тое, як яны паўплываюць на зыход сітуацыі, якая зараз склалася паміж імі. Некалькі маўклівых секунд пагрозліва пранесліся і крануліся душ абодвух. Хлопец ледзь калыхнуў пісталетам. Тады Паліна з жаласлівым выглядам паглядзела ў яго злыя вочы.
– Хто гэта быў? Ты забіў яго…а зараз заб'еш мяне? А як жа наша падарожжа? – падымала тон сваіх словаў дзяўчына.
– Паліна?!