з лёсам трагічным, няўцешным
жыла-гаравала сям’я.
Мае беларускія сцежкі —
дзе майская квецень садоў,
дзе гульні, забавы, пацешкі
далёкіх дзіцячых гадоў.
Мае беларускія сцежкі —
дзе водар жытнёвых палёў,
дзе россып валошак на ўзмежках
прыцягвае позірк здалёк.
Мае беларускія сцежкі —
дзе пошум спрадвечных лясоў,
якія душу маю цешаць
грыбамі сярод верасоў.
Мае беларускія сцежкі —
дзе Нёман у дзіўнай красе
маўкліва, рупліва, няспешкі
да Балтыкі воды нясе.
Мае беларускія сцежкі —
дзе першых спатканняў цяпло
гадзінай растайнай паспешна
кудысьці нябачна сышло.
Мае беларускія сцежкі —
дзе доўга да шчасця ішоў
і, мабыць, найлепшую з лепшых
зусім неспадзеўкі знайшоў.
Мае беларускія сцежкі —
дзе чэрпаюць сілы свае,
гуляючы ў хованкі, снежкі,
вясёлыя ўнукі мае.
Мае беларускія сцежкі —
дзе ў парку сталічным штодня
рабіў ранкам з сябрам прабежкі,
самоту з душы праганяў.
Мае беларускія сцежкі —
дзе вольна і лёгка наўздзіў.
Удзячны я Богу, што пешкі
па іх не адзін год хадзіў.
Мае беларускія сцежкі —
Радзімы маёй берагі,
мае пуцяводныя вешкі —
няма больш за вас дарагіх!
«Калі чытаю весткі хронік…»
Калі чытаю весткі хронік
пра наш гарачы, тлумны час,
сціскае скруха болем скроні,
і з сумам думаю не раз:
хіба ж калісьці не з трывогай
і продкі нашыя жылі? —
яны не менш прасілі ў Бога
спакою, міру на зямлі.
Планету нашу д'яблы дзеляць —
так з году ў год, так з веку ў век.
Нясе крыж страху і надзеі
звычайны, просты чалавек.
Наш час не горшы і не лепшы,
як і раней, ён б'е пад дых,
ён забівае і калечыць
людзей нявінных і слабых.
І ўсё ж не гасне ў сэрцы вера,
што прыйдзе той жаданы час,
калі Гасподзь у тлуме шэрым
у рэшце рэшт пачуе нас.
«Ні Хатынь, ні Хірасіма…»
Ні Хатынь, ні Хірасіма
не навучылі мірна жыць:
як у слоту ліст асіны,
зямля ад выбухаў дрыжыць.
Не змяніла ні на йоту
шлях чалавецтва і Сангмі:
зноў паўсюль чуваць грымоты,
зноў войны-бойні між людзьмі.
Смерць палюе днём і ноччу
па планах псеўдазмагароў:
ім нажыва засціць вочы —
таму цячэ ракою кроў.
Бачым: гора болей стала,
і цяжка Бога зразумець:
як дазволіў цемрашалам
злачынны куш ад войнаў мець?
«Хопіць войнаў!» – просіць сэрца,
чую крык яго я штодня:
«Хопіць, злыдні,