Мікола Адам

Вольны птах. Раман


Скачать книгу

в интеллектуальной издательской системе Ridero

      МІКОЛА АДАМ

      ВОЛЬНЫ ПТАХ

      (раман)

      І зноў рукі – крылы.

      На мяжы быцця і небыцця

      Світае трывога святая. Болей

      Не будзе абрыдлага болю.

      Я – Вольны Птах.

      А ўнізе – зямля белая

      Ляжыць. Аблокі сплываюць за

      Прастор пад зорамі. Бліскавіцы

      Мігцяць і падаюць ніцма.

      Вочы загінуць там,

      Дзе не будзе мяне заўтра.

      Крылы згараць там,

      Дзе не будзе мяне заўтра.

      Я застануся там,

      Дзе не будзе мяне заўтра.

      Я – Вольны Птах.

      (Янка Лайкоў)

      10 кастрычніка 1997 года я памёр. Сэрца спынілася на 58 секунд падчас таго, як доктар 9-й клінічнай бальніцы горада Мінска Шкодзік выкалупліваў з маёй прабітай галавы аскепкі цемянной косткі справа. Відаць, нешта зачапіў у мозгу, бо кавыраўся менавіта ў ім, чысціў яго, як марожанае ў вафельнай аздобе, куды трапіла шкло ад магчымай разбітай вітрыны ў магчымай кавярні.

      Я тады працаваў спецкарэспандэнтам газеты «Культура». Гучная пасада на самай справе не мела анічога гучнага ў рэчаіснасці. І хоць я меў суадноснае пасведчанне, мае абавязкі пачыналіся і заканчваліся «падай-прынясі». Галоўным чынам я адвозіў у Дом друку звярстаную і спампаваную на дыскету газету, каб яна паспела выйсці ў загадзя абгавораны тэрмін. Выйсці, звычайна, выданне паспявала, аднак з тэрмінамі здачы ў друк амаль увесь час спазнялася. Гэта было маё першае афіцыйнае месца працы. Менавіта ў «Культуры» я зарабіў працоўную кніжку і распачаў працоўны стаж.

      У той дзень ці, хутчэй, вечар, бо звычайна ў Дом друку я накіроўваўся менавіта ўвечар і амаль да ночы чакаў там сваёй чаргі (Дом друку адзін, а выданняў, чыё выданне ён забяспечваў, – безліч), нешта ў лесе здохла: газету зрабілі раней вызначанага тэрміну. Вядома, мне перадалі яе на дыскеце, але я не мусіў бегчы ў Дом друку на злом галавы, а заўтра зранку мог не спяшаючыся і разняволена здзівіць працаўнікоў друку, якія ўжо звыклі да нязменнага спазнення і звярталіся да мяне ці да сябе, калі я з’яўляўся на гарызонце іх жыцця, не інакш як «о, культура прыджгала, не прайшло і году». Я наўпрост бачыў іх подзіў на тварах заўтрашняга дня і ўсміхаўся ўсю дарогу да дому (трохпавярховай старой забудовы на Катоўскага з прахадным дваром і гаражамі ды вялізазнай разгалістай алычой пасярод двара), у якім здымаў аднапакаёвую кватэру. Пад алычой на лаўцы я прысеў пакурыць, уяўляючы, з якім задавальненнем неўзабаве павячэраю пельменямі з кефірам, набытымі па дарозе ў краме, бо цэлы дзень нічога не еў, адно курыў. Курывам, калі шчыра, ежу і замяняў, яно забівала голад, спосаб правераны не адным пакаленнем. Яшчэ не было цёмна, але высокі ліхтар, што тырчаў побач з алычой, асвятляў двор і мяне пад алычой так, нібы ўдаваў сябе за сонца. Я дакурваў, калі ў двор зайшлі міліцыянты. Утрох. У форме мышынага караля. Рэйд у іх быў ці нейкая іншая трасца прывяла сюды – пайдзі разбяры. Зрэшты, мая міліцыя мяне беражэ, праўда ж?

      – Чё сидим? – данеслася з іх боку да мяне. Я яшчэ азірнуўся, каб упэўніцца, што не памыліўся. І сапраўды, звяртацца не было больш да каго.

      – Куру вось, – адказаў я і наіўна запытаў: – Нельга?

      – Курить здоровью вредить, – заўважыў адзін з іх.

      Тым часам двое міліцыянтаў падыходзілі да алычы, пад якой сядзеў я, а трэці чамусьці абыходзіў алычу з тылу. Усе трое – маладыя, сытыя, адкормленыя.

      Ім не спадабаліся мае доўгія валасы і беларуская мова, якой я з імі размаўляў. Яны палічылі, што я бэнээфавец, а таму перашкаджаю ім жыць. Я запытаў, якім чынам перашкаджаю жыць менавіта ім, і ў наступную секунду адчуў шолах з-за спіны, падобны на пошум крылаў, а затым боль у галаве і млоснасць. Трэці міліцыянт некалькі разоў нечым вострым і цяжкім прыклаўся да маёй галавы. Я споўз з лаўкі на зямлю, каб прымаць ужо ўсім целам удары берцаў міліцыянтаў, засяроджаных і маўклівых. Яны толькі саплі ад напругі. Магчыма, не хацелі выпадкова прыцягнуць увагу да сябе.

      Не памятаю, у які момант я страціў прытомнасць, але да цямы прыйшоў дзякуючы халодным дотыкам да твару нечых далоняў. Не без цяжкасцяў разляпіў вочы і сустрэўся з вачыма дзяўчыны, прыгажэй за якую ніколі не бачыў ні раней, ні пазней. Ва ўсякім разе так здавалася пад святлом ліхтара.

      – Эй, ты жывы? – ляпала яна па маіх шчоках далонямі.

      Яе бялявыя, як снег, але не сівыя, валасы, быццам падушачкамі пальцаў, краналіся маіх губ. Непрытворная заклапочанасць у глыбокім калодзежы позірку, блакітным, як бязвоблачнае неба, абнадзейвала да нечага светлага. Перад ім карцела выглядаць героем, якім я і памкнуўся стаць, зразумела, няўдала, бо рэзкі боль у баках пад рэбрамі ад першай жа спробы падняцца ледзьве не адправіў мяне ў накаўт. Добра, што стрымаў крык. А мо не стрымаў? У вачах дзяўчыны вавёркамі праскакаў спалох. Дзіўна, што яна ўвогуле звярнула ўвагу на мяне і не палічыла