пячаткі. Зрэшты, не ўсё так фігова. Ідэнтычныя маёй траўме мелі савецкі актор Анатоль Папанаў і амерыканская акторка Ума Турман.
Ці чакаў я Насцю? Ці хацеў, каб яна пабачыла мяне такога – голага пад прасцінай, з перабінтаванай галавой і вартага жалю? Ды яшчэ з суседам па палаце – дзядзькам гадоў пад трыццаць, у якога не адно траўма галавы была, а зламаныя рэбры, рука і нага ў дадатак да бандажу на шыі (ён працаваў на будоўлі і навярнуўся з лясоў, у якіх трос адарваўся на вышыні чацвёртага паверху, добра, што не на голую зямлю ўпаў, а на пясок грудком)? Так, чакаў. Так, хацеў. Нягледзячы ні на што. Хаця асабліва губу не раскатваў. Хто мы адно адному? Выпадковыя мінакі. Калі б дзяўчына не прайшла міма, ніколі б жыцці нашы не перасякліся, дый ці б працягнулася маё жыццё ўвогуле. А мо яна проста плод майго ўяўлення? Пабочны эфект пашкоджанага мозгу? Магло такое быць? Цалкам магчыма. Бо хто ў нашым кончаным свеце пры ясным розуме і светлай памяці прыпыніць свой бяссэнсавы шлях у нікуды, таропкі і засяроджаны, каб вылучыць хаця б некалькі хвілін уласнага бясцэннага існавання на незнаёмца, які, хутчэй за ўсё, апынецца няўдзячнай п’янай тварынай альбо ванючым вашывым бамжом? Я сам так лічыў. Абыякавасць у крыві кожнага, абы мяне не чапалі, няхай вакол хоць планавае вынішчэнне нацый, хоць канец свету. Хіба што анёлам не ўсё адно. Магчыма, Насця якраз з племені гэтых пярнатых? Але яна абяцала, што мы пабачымся. Узяла пропуск у Дом друку, каб дапамагчы з газетай. Пропуск на звычайнай паперы, без фотаздымку, з напісанымі шарыкавай асадкай прозвішчам ды ініцыяламі ўласніка пропуску. Яго асабліва не правяралі. Галоўнае, што зверху мелася шапка з вялікімі тлустымі літарамі «Дом друку». Калі праходзіш праз прахадную, проста трымаеш пропуск у руцэ так, каб шапку было відаць, і ідзеш сабе далей. Я не сумняваўся ў Насцінай дапамозе, я сумняваўся ў сабе. Хто яна, а хто я? Зрэшты, ні я нічога не ведаў пра дзяўчыну, ні яна пра мяне, і лягчэй ад усведамлення апошняга не рабілася. Затое ведаў, дзе Насця жыве, так што, калі што, сам завітаю ў госці пасля выпіскі з бальніцы, каб хоць дзякуй сказаць.
Разважанні мае перарвалі нечаканыя госці з міліцыі (дактары мусілі паведамляць у органы пра ўсе выпадкі гвалтоўных пашкоджанняў пацыентаў, якія траплялі да іх тым або іншым чынам). Яны ўвайшлі ў палату ўтрох. Двое ў форме. Трэці, відаць, следчы, якому ні я, ні мая справа не падабаліся апрыёры і з’яўляліся звычайнай руцінай, нуднай і нікому непатрэбнай, у першую чаргу яму. Следчы выглядаў галівудскім прыгажуном, глянцавым, бы часопіс пра кіназорак, без аніводнай зморшчынкі на твары, падобным больш на маску, чым на твар. З верхняй кішэні на бліскучым цёмным пінжаку вытыркаўся трохкутнік насоўкі. У параўнанні з ім іншыя двое нагадвалі прыслугу. У адным з іх я пазнаў удзельніка майго збіцця. Ён наўрад ці пазнаў мяне, але пільна ўзіраўся ў мой твар з чорнай кінгаўскай імглой пад вачыма, асабліва пасля слоў следчага пра месца здарэння, у якім мяне збілі. На яго твары аддрукоўвалася кожная думка, змяняла адна адну,