і адорвае Івана ўдзячнай усмешкай. Яна шчаслівая: яе ўбор (які, як высвятляецца пазней, пашыты ў самога Зайцава) годна ацэнены. Пасля гэтага ўступіць у размову ўжо не складала аніякіх цяжкасцей.
Другую жанчыну Іван бярэ іншым. Пачынае хваліць постаць, шчыра, натхнёна:
– Бог мой, і дзе, у якім краі такія красуні водзяцца? Стан тонкі, стройны, гібкі. Хада лёгкая, прыгожая. Глядзіш – і ў самога вырастаюць крылы…
А калі ў жанчыны, як кажуць, няма за што зачапіцца, Іван на хаду прыдумвае іншы козыр:
– Ох і хутка ж вы ходзіце. Мы ледзьве дагналі вас. Напэўна, гімнастыкай займаецеся? Вы ўся такая спартыўная, імклівая.
Ну хто, скажыце, не адгукнецца на такія кампліменты? Прычым Іван не мае пры гэтым ніякіх меркантыльных мэт. Для яго гэта – проста хобі, своеасаблівы спартыўны інтарэс. І, дарэчы, ён ніколі не апускаецца да пошласці ды банальнасці. Свае кампліменты раздае абдумана, узважана, беспамылкова вызнаючы, што каму можна сказаць. Адной сімпатычнай, інтэлігентнага выгляду незнаёмцы, з якой яны загаварылі на «вадапоі», Іван нечакана пачаў чытаць верш:
А грудь ее была кругла, —
Казалось, ранняя зима
Своим дыханьем намела
Два эти маленьких холма.
Жанчына сумелася, прыкметна заірдзелася, але паглядзела на Івана ўважліва-зацікаўле-на. А ягоны твар у гэты момант выпраменьваў такую добразычлівасць, ззяў такой дабрынёй і шчырасцю, што жанчына толькі прыязна ўсміхнулася і, нічога не сказаўшы, адышлася ад нас. Але можна было не сумнявацца, што Івана яна запомніла.
2
І раптам Іван апошнімі днямі стаў некуды знікаць. Максім колькі разоў стукаўся ў дзверы ягонага пакоя, але ніхто не адказваў. А ўчора Максім убачыў яго ля бювета з маладой сімпатычнай незнаёмкай. Жанчына была невысокага росту, танклявая, апранутая ў цёмна-сінія джынсы і лёгкую кофтачку, на якой ляжала перакінутая цераз плячо раскошная ільняная каса. На выгляд жанчыне было гадоў трыццаць. Яны аб нечым так ажыўлена гаварылі, што Максім не стаў падыходзіць бліжэй, парушаць іхнюю ідылію.
А вечарам Іван сам зайшоў да Максіма.
– На танцы збіраешся? – ён ужо быў пад гальштукам, у поўнай баявой амуніцыі.
– А што я там не бачыў? – паціснуў плячыма Максім.
– Дарма. Сёння ў нас будзе граць папулярны ў горадзе вакальна-інструментальны ансамбль. Ён па чарзе абслугоўвае тутэйшыя санаторыі, і вось чарга дайшла і да нас.
Пра гэты ансамбль Максім чуў і ў мінулы раз, калі адпачываў у Жалезнаводску. Але тады яму ці не пашанцавала (чарга, відаць, не дайшла да іхняга санаторыя), ці то проста не меў неабходнай інфармацыі. Так што на танцы пад жывую музыку ён так і не трапіў. Ды, па праўдзе кажучы, ён не дужа гэтым і цікавіўся.
На гэты раз вырашыў усё ж паглядзець, што гэта за такі знакаміты ансамбль, на каторы аматары танцаў збягаюцца нават з суседніх санаторыяў. Аднак на пытанне Івана: «Ну дык што, пойдзеш?» – адказаў няпэўна:
– Пагляджу. Падумаю…
– Ну,