Коллектив авторов

Душа твая светлая


Скачать книгу

думак, стылю, мовы.

      Калі б у гэты момант хто-небудзь чуў іхнюю размову, то, напэўна, нямала здзівіўся б. Бо гаварылі яны зусім не пра тое, аб чым павінны гаварыць мужчына з жанчынай, а тлумілі адно аднаму галаву бог ведае чым. Але для Дзядзюлі гэта была зусім не марока. Ён слухаў Наталлю з такой асалодай і зачараваннем, як не слухаў нікога ўжо апошнія гады. Ім абодвум было цікава. І ў гэтым Дзядзюля таксама ўбачыў пэўны знак.

      Развітваліся яны ўжо больш блізкімі, як бы даўно знаёмымі людзьмі.

      Дзядзюля правёў Наталлю на аўтобусны прыпынак і толькі тут схамянуўся:

      – Ой, ледзь не забыўся. Вы ж абяцалі мне прынесці свае публікацыі.

      Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася:

      – А я падумала, што вам гэта ўжо не цікава.

      – Цікава, яшчэ як цікава! – ён беражліва ўзяў часопіс «Полымя», які дастала са сваёй сумкі Наталля, і прыклаў да грудзей. – Буду чытаць і ўспамінаць сённяшні цудоўны вечар.

      4

      Набліжаўся час абароны кандыдацкай дысертацыі. Судны дзень быў прызначаны на канец чэрвеня. Наперадзе мелася яшчэ амаль два месяцы. Два месяцы трывог, бясконцых клопатаў і мітрэнг. Трэба было пасля заўваг на папярэдняй абароне давесці дысертацыю да ладу, напісаць рэферат, надрукаваць і разаслаць яго па спісе. Дамовіцца з апанентамі. Заказаць залу для банкету…

      Але ўсе гэтыя дні, калі Дзядзюля як ачмурэлы насіўся па горадзе, ён не забываў два разы на дзень – раніцай і пад вечар – званіць Наташы. А кожную сераду выкройваў гадзінку-другую, каб пасля работы сустрэцца з ёю, пагуляць у парку Чалюскінцаў альбо пасядзець у кавярні «Васількі».

      Дзіўна, але гэтая жанчына, якую яшчэ зусім нядаўна ён і ведаць не ведаў, станавілася для яго ўсё больш блізкай, усё больш жаданай. Яму прыемна было думаць пра яе, яшчэ больш прыемна бачыць, слухаць захопленыя аповеды пра новыя кнігі. Ён ужо ведаў не толькі пра Павіча, але і пра Януша Вішнеўскага, Сціга Ларсана, Стывена Кінга… Некалькі кніг Павіча ён паспеў прачытаць. Не сказаць, каб быў паланёны яго раманамі, але чытаў з цікавасцю, сёе-тое выпісаў. У прыватнасці, пра пацалункі, якія бываюць больш красамоўныя за любыя словы.

      Да пацалункаў, праўда, справа ў іх пакуль не дайшла. У яго было некалькі спроб, але як толькі ён вуснамі набліжаўся да яе вуснаў – жанчына сваёй далонькай закрывала яму рот і далікатна выслізгвала з абдымкаў.

      Ён пасля гэтага хмурыўся, хацеў паказаць, што крыўдуе, ды яна так гарэзліва, так прыязна смяялася, што мужчына таксама пачынаў усміхацца і крыўда імгненна раставала.

      Яны даўно перайшлі на «ты». І нават ласкавыя імёны сабе прыдумалі. Яна называла яго Васільком, а ён яе на замежны лад – Наталі. Ужо многае ведалі адно пра аднаго. Праўда, больш даводзілася расказваць пра сябе Дзядзюлю. Асабліва ўнікліва Наташа распытвала пра яго былую жонку, чаму развяліся і чаму да гэтага часу ён ходзіць у халасцяках.

      – А таму, што той, хто апёкся на малацэ, будзе дзьмуць і на ваду, – тлумачыў ён сваё адзіноцтва. А жартам дабаўляў: – Дык у мяне ж замест жонкі дысертацыя.

      А вось Наташа пра сябе