шчыльна сціснуў кавалачкі яблыка, так што сок выступіў, і сказаў, каб пачулі ўсе:
– Добра, што сок пусціў! – і прадаўжаў круціць у руках яблык, прыгаворваючы: – Зрастайся, зрастайся, зрастайся!..
Колькі разоў ён паўтарыў гэтае слова, ніхто ў зале не лічыў, перш чым артыст усклікнуў:
– Ура, зросся! – і працягнуў Кузёмку яблык, вельмі падобны на той, які толькі што хлопчык трымаў у руках. – Зараз можаш з’есці!..
Калі ж закончылася прадстаўленне, гледачы яшчэ доўга не адпускалі клоўна. Кожнаму карцела быць да яго бліжэй, пакратаць адзежыну жывога артыста. Падышоў і Віктар, паціснуў руку:
– Малайчына! Пакуль ты фокусы паказваў, мужыкі знайшлі яблык і захацелі паўтарыць, ды ў іх нічога не атрымалася. Потым паківалі галовамі і рашылі: «Не, нашаму брату мужыку за нішто грошай не плацяць!»
– І ты, Кузёмка, не зразумеў, дзе разгадка фокуса? – запытаў Кузьма-старэйшы.
Хлопчык адмоўна захістаў галавою.
– Вось будзеш прыходзіць да мяне – навучу не толькі гэтаму фокусу.
– Значыць, застаешся ў Верхалессі? – узрадаваўся Віктар.
– Я тут дома! – усміхнуўся сябар у адказ.
Зіновій Прыгодзіч
Зіновій Кірылавіч Прыгодзіч нарадзіўся ў 1944 годзе ў вёсцы Лышча Пінскага раёна. Скончыўшы школу, працаваў у лагішынскай раённай газеце «Калгасная праўда». Пасля заканчэння ў 1967 годзе вучобы на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта накіраваны ў рэспубліканскую партыйную газету «Звязда», дзе быў літсупрацоўнікам, загадваў аддзелам. Затым працаваў у ЦК КПБ інструктарам аддзела культуры, памочнікам сакратара. Завочна скончыў аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Ёсць у біяграфіі Зіновія Прыгодзіча і іншыя вышыні партыйнай і журналісцкай кар’еры. У тым ліку – пасада галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия». А зараз ён галоўны рэдактар папулярнага масавага часопіса «Гаспадыня». Дарэчы, нязменны на працягу болей як 20(!) гадоў.
З мастацкімі творамі Зіновій Прыгодзіч выступае ў друку з 1957 года, а першае апавяданне на рускай мове – «Деньги» – было надрукавана ў пінскай раённай газеце «Полесская правда» ў 1963 годзе. Піша нарысы, апавяданні, аповесці, літаратурна-крытычныя артыкулы. Яшчэ – і вершы. Аўтар многіх кніг прозы і публіцыстыкі. А? Можа, пералічыць некаторыя кнігі? У астатніх біяграфіях ёсць, а тут няма.
Апавяданні, якія ўвайшлі ў гэты зборнік, – пра каханне. Аўтар не мае на мэце ў нечым пераканаць чытача, не выступае ў сваіх творах вялікім філосафам. Часам можа падацца, што пісьменнік знарок накіроўвае ўсю ўвагу на сюжэт і не імкнецца нейкім чынам выбудаваць канфлікт, а пасля даць героям шанц выйсці з яго… Усё даволі проста. Ці выглядае так толькі вонкава? Мо чытачу варта глыбей паразважаць над гэтымі творамі, каб зразумець, якім сапраўды бывае каханне?..
Дзікая архідэя
1
Старшы навуковы супрацоўнік Батанічнага саду Васіль Дзядзюля прыйшоў пасля абеду ў аранжарэю, але не паспеў яшчэ нават распрануцца, як яго паклікалі да намесніка дырэктара па навуковай частцы. Васіль здзівіўся (не