драпінамі, дык і расказалі б… Пракопчык у Гальшанах сваіх сядзіць, а вы тут!
– Сапраўды, дзякуй богу, я тут, – неяк разгублена сказаў прафесар і потым нечакана ахвотна, нібы толькі чакаў гэтага моманту, без перадыху пачаў расказваць, што ў іх здарылася з Пракопчыкам, і мы не паверылі ніводнаму ягонаму слову. Ва ўсялякім выпадку, паверыць у пачутае было немагчыма, хоць прафесар расказваў вельмі праўдзіва.
– Пракопчык не даваў мне спакою дзесьці з год, – пачаў Адам Нічыпаравіч. – Ён, ці бачыце, анамалію пад Гальшанамі адкрыў! Штосьці накшталт Бермудскага трохкутніка ці яшчэ якога д’ябла! Адным словам, выявіў ён там анамальны паветраны слуп, у якім няма нічога… Выключна нічога! Гіпермёртвая зона. Гола, пуста, ніякіх табе электрамагнітных хваль… Пракопчык і так і гэтак да мяне падступаўся. Усё пераконваў, запрашаў паехаць у Гальшаны, на свае вочы ўбачыць, што да чаго. І вось з тыдзень таму я здаўся! Падумаў: а чаму б і не? Такая слынная мясціна на Беларусі. У адкрыццё Пракопчыкава, вядома, не надта верыў, а вось Караткевіча чытаў. Запомніўся ягоны «Чорны замак Альшанскі», ды і ўвогуле, Пракопчык усяляк тымі мясцінамі выхваляўся. Маўляў, там і славуты касцёл Іаана Хрысціцеля, і кляштар францысканцаў, і мясцовы музей. А што да наваколля, дык мала таго, што ўсё гісторыяй, старажытнасцю дыхае, дык яшчэ, каб толькі талент, што ні паваротка, што ні лугавіна – бяры пэндзаль і малюй… А галоўнае – тая ж анамалія, адным словам, добрая зачэпка. І Пракопчыка, думаю, уважу, і адпачну колькі дзён, а пасля ўжо ўкручуся ў юбілейныя клопаты.
Я чалавек на пад’ём лёгкі. Як вырашыў, гэтак і зрабіў. Да Гальшанаў дабірацца няцяжка, нават не тэлефанаваў Пракопчыку, як снег на галаву абрынуўся, на вялікую радасць апошняму. І вось ужо сядзім на верандзе ў хаце ягоных бацькоў на Ашмянскім тракце… Маці, такая мілая гаспадыня, завіхаецца; бацька, як той спраўны шляхціц, на размовы сур’ёзныя паварочвае, а Пракопчык ажно з сябе выходзіць. Ужо нейкія там грунтвагі падрыхтаваў і прыспешвае, маўляў, мы за гэты стол як мае быць вечарам засядзем, а цяпер хутчэй пойдзем! Ну і пайшлі…
– Даверлівы вы чалавек, спадар прафесар, – скептычна паморшчыўся малодшы навуковы супрацоўнік Няхайчык. – Ды калі б і сапраўды якая анамалія… Няўжо б стагоддзі нейкага там аспіранта Пракопчыка чакалі?! Ужо ўсё даўно было б адкрыта, выяўлена і не адна дысертацыя на той анамаліі абаронена!
– Э-э, не скажыце, – запярэчыў Пінчук. – Там сапраўды штосьці ёсць, загадка вялікая. Гэта яшчэ трэба даследаваць, але цяпер гаворка зусім пра іншае, усё павярнулася такім неверагодным чынам… – Ён глынуў мінералкі, пасміхнуўся не без іроніі. – Карцінка была маляўнічая: уявіце, я даўгалыгі, а Пракопчык кругленькі. Ён на плячах кавалак фанеры цягне, да калка прыбіты: «Гальшанскі трохкутнік». Кажу яму: «Косця, не прымушай людзей азірацца, а то яшчэ следам хто пойдзе». Праўда, за намі ніхто не пайшоў, а вось калі ўжо спусціліся ў нізінку, пакінуўшы за сабою і замак той самы Гальшанскі, і рэчку Гальшанку…
– Ну, а ў замку вы былі, Адам Нічыпаравіч? – пацікавілася