і засмяяўся. – Гэта ж трэба, якія дзікія фантазіі могуць прыйсці ў галаву чалавеку ў пяцьдзясят гадоў! А яшчэ ж як быццам і не ўзрост, каб у такую неверагоднасць укідвацца!
І я адказала яму:
– А ты заўважыў, што ў прафесарскай кватэры няма аніводнага люстэрка?!
Ты, я і Валодзя
Яны вярнуліся пад вечар, загарэлыя, радасныя. Адпачынак на Браслаўскіх азёрах відавочна пайшоў ім на карысць. Дачка, крутнуўшыся туд-сюд, адразу пабегла да сябровак хваліцца загарам. Сын засеў за тэлефон… А муж узяўся распакоўваць чамаданы: гэта – памыць, гэта – у шафу. Пачыналася звыклая будзённасць.
– Ну, усё!.. Чамаданы можна на балкон.
– А гэта? – Яна позіркам паказала на нешта грувасткае, абгорнутае шчыльнай шэрай паперай, перавязанае тоўстым шпагатам. – Што ў цябе там?
Муж марудзіў з адказам, потым нешта мармытнуў невыразнае, пачаў развязваць шпагат.
– Ты толькі не смейся, Надзя, – сказаў ён. – Я зусім нечакана адкрыў у сабе талент.
– Цікава! Што ж гэта за талент такі?
Ёй сапраўды стала весела. Ейны муж, Аляксандр Сямёнавіч Вячорка, быў даволі звычайным сухаватым чалавекам. Праўда, гэта не замінала яму загадваць аддзелам у даследчым інстытуце, своечасова абараніць дысертацыю па нейкіх рэдкіх мінералах, і вось на табе… талент!
– Угу-у… На самай справе, – Аляксандр Сямёнавіч нібыта ў нечым апраўдваўся. – Нейкі ген ува мне ўзяў і выбухнуў! – Ён усё разгортваў і разгортваў паперу. – І ўяўляеш, атрымалася! Першы раз узяўся за пэндзаль, а такое адчуванне, быццам усё жыццё толькі гэтым і займаўся! Адным словам, глядзі і ацэньвай.
Ад нечаканасці яна адхінулася. З кучы папер вытыркалася блішчастая жоўтая рама, а ў раме… Так, гэта быў партрэт незнаёмага ёй чалавека на фоне невыразнага кустоўя, у поўны рост. І першае, што ёй кінулася, – вясёлы, нават гарэзлівы позірк незнаёмца, які нібыта казаў: «Ну вось ён я… Такі, які ёсць. Будзем знаёмыя!»
А муж удакладніў:
– У пансіянаце нашыя нумары былі побач. Ён, можна сказаць, мяне і падбухторыў паспрабаваць. Нават пагадзіўся пазіраваць! – І дадаў: – Табе гэта спадабалася? – Ён не адважыўся тое, што было ў раме, назваць партрэтам. Хоць партрэт, як ні дзіўна, атрымаўся, і яна не пакрывіла душою.
– Вельмі сімпатычны твар… Думаю, гэтую раму трэба некуды павесіць.
– Давай у тваім пакоі, – радасна прапанаваў муж. – Калі табе спадабалася, хай гэта будзе маім падарункам.
… І вось ужо рама прымацавана да сцяны ў маленькім пакойчыку. Яна ўпісалася ў агульны інтэр’ер. Нават у позірку незнаёмца, які нібы толькі што выйшаў з-за кустоўя, як ёй здалося, прамільгнула штосьці ўхвальнае: «А нішто… Нішто… Мне тут, уявіце, вельмі падабаецца!» Але на раме асабліва не засяроджваліся: павесілі дый павесілі! Да таленту Аляксандра Сямёнавіча, які так нечакана раскрыўся ў ім, таксама больш не вярталіся. У іхняй кватэры запанаваў звычайны душны вечар яшчэ спякотнага жніўня, размяшаны з радасцю вяртання, сустрэчы, тых дробных прыемнасцей, якія ўсе спяшаліся выліць