Людмила Рублевская

Планета ў падарунак


Скачать книгу

устаў з-за стала:

      – Ну тады, ведаеш… Трэба было табе самой ехаць! Прадаваць! Вось і твой Лагуцкі гэтаксама, як і я, думае. Лепш за паўтары тысячы прадаць, чым…

      – Ты ўжо і Лагуцкаму паспеў пазваніць? – перабіла яна яго.

      – Пазваніў… Усё ж сваякамі былі. – І брат заспяшаўся, пайшоў збірацца ў дарогу, у свой невялічкі райцэнтр на ўсходзе Беларусі, дзе жыў з сям’ёю. У тым райцэнтры з імі жыла і маці… Але яна, Галка, туды да іх не любіла ездзіць. Вось да цёткі – іншая справа… Але цёткі Мані ўжо няма, і хата прададзена за бясцэнак. І якая хата! Чамусьці ёй успомнілася, як уражаны быў Лагуцкі, ейны былы муж, калі гадоў шэсць таму яны разам паехалі да цёткі, нават загарэўся зрабіць прыбудовачку з цэглы. А для чаго тая прыбудовачка, калі ў хаце было ажно пяць пакояў! Шасцісценак на два бакі, з дзвюма верандамі! Брат, нібыта падслухаў думкі, зазірнуў на кухню ўжо з шалікам на шыі.

      – Я амаль сабраўся, Галка… А ты, чуеш, калі раптам пазвоніць, з Лагуцкім, таго… па-добраму. У яго жонка хворая. Астма! Усё па бальніцах ды па бальніцах…

      І гэта рассмяшыла яе.

      – Ну дык, можа, мне да іх у сядзелкі папрасіцца?!

      Але ў голасе, акром раўнадушша, нічога больш не было. Якая ёй справа да Лагуцкага, а тым больш да ягонай жонкі! Толькі потым, калі ўжо развіталася з братам, у думках трошкі нават пашкадавала Лагуцкага. Калі яна з ім брала шлюб, ён выкладаў у інстытуце, думаў абараняць дысертацыю. А потым усё кінуў-рынуў, у нейкі бізнес укруціўся і жонку другую туды ж уцягнуў. І вось табе на-а – астма! Яны зрэдчас сустракаюцца выпадкова, і яе здзіўляе, як лёгка стаць чужымі пры самай вялікай прывязанасці. Праўда, у розных людзей гэта адбываецца па-рознаму, у залежнасці ад абставін. У сваіх абставінах яна спачатку нават вінаваціла цётку Маню. Гэта ўжо было на чацвёртым годзе іхняга жыцця з Лагуцкім. Атрымала тэлеграму ад цёткі, маўляў, прыедзь дапамажы пасадзіць бульбу. І яна не магла адмовіць. Дапамагчы цётцы не было каму. Так ужо склалася, цётка Маня ўсё жыццё пражыла адна, без мужа, без дзяцей. І яна, Галка, з дзяцінства была для цёткі больш як пляменніца. Таму не адкладвала, праз дзень пасля тэлеграмы ўзяла на некалькі дзён адпачынак за свой кошт і паехала…

      Тая вясна была ранняя, ужо чаромха цвіла. Галка хвалявалася, што позна бульбу пасадзяць. Цётка нібы апамяталася: бо-о, вясна ўжо вунь як бушуе, а ў мяне бульба не саджана. І яе паклікала. Але як толькі пабачыла цётку, зразумела, што справа не ў бульбе. І цётка пацвердзіла гэта.

      – Так і думала, што прыедзеш адразу, – сказала ёй не без радасці.

      – Дык жа дапамагчы табе трэба!

      – Ужо ўсё пасаджана, Галю. Проста цябе пабачыць хацела, заўтра-паслязаўтра бэз распусціцца…

      – Дык ты з-за бэзу?! – З дакорам і недаўменнем глядзела на цётку. І ўсё зразумела позна вечарам, калі ўжо ляглі спаць.

      – Га-алю, – адазвалася цётка, – не спіш?

      – Не. Прывыкаю да тваіх падушак.

      – Ну прывыкай… – І тут жа праз кароценькую паўзу: – Чуеш мяне, Галю… А чаго гэта ў вас з Віцькам дзяцей няма?! Ужо даўно трэба, каб быў нехта.

      – Давай будзем спаць, цётачка, – адказала Галя.

      – Не-е,