апранулася, коўдру разам з лотаццю камяком запіхнула ў сумку, туды ж укінула і рэшту пацерак… Нацягнула на галаву свой саламяны капялюш і, падхапіўшы сумку, пачала шпарка аддаляцца ад ракі, раз-пораз азіраючыся…
3
Цётка Маня правяла яе да веснічак, напэўна ж, пакрыўдзілася, што яна, Галка, будзе святкаваць свой дзень нараджэння дзесьці ў чужых людзей, хай сабе і ў сяброў, але выгляду не падавала, толькі сказала:
– Будзеш вяртацца, дык няхай Карпінчыкі правядуць цябе, бо на ноч людзі сабак з ланцугоў спускаюць.
– Правядуць, не хвалюйся, ды я асабліва і не затрымаюся, – адказала цётцы, а сама сабе падумала, што калі раптам у Карпінчыкаў з’явіцца Гнатко, дык і ўвогуле яны вернуцца вельмі хутка, таму і пакінула пляшку шампанскага на ўсялякі выпадак.
Да Карпінчыкаў пайшла пешшу, балазе жылі недалёка. «А людзі ўжо навучыліся жыць па-людску, – адзначыла для сябе. – Хаты праз адну чырвонаю чарапіцаю крытыя ды цэглай абкладзеныя». Дзе-нідзе на сценах верандаў віселі вязанкі цыбулі, дасушвалася падвешаная ў пуках фасоля. Валін дамок таксама чырванеў дахам. Заліўся брэхам і выбег насустрач сабака. Тут жа з веранды выскачыла і Валя.
– Ідзі, не спыняйся, пры мне ён не ўкусіць!
Агромністы ваўкадаў правёў Галку да веранды. Валя перахапіла з ейных рук сумку, і яны прайшлі ў гасцёўню. Пабачыўшы ўжо накрыты стол, Галка зразумела, што гаспадары гэтай заможнай будыніны рыхтаваліся да прыходу грунтоўна.
– Не здзіўляйся, трэба было накрыць гэткі стол, – патлумачыла Валя. – Твой дзень нараджэння толькі зачэпка, мы ж не бачыліся сто гадоў, вось за ўсе і адседзім!
– А дзе ж твае хатнія?
– Хутка збяруцца… Дзеці па сябрах разышліся, а Васіль у садзе… Бачыла, як неба з усіх бакоў абклала на дождж, а ў нас там копы сухой атавы, дык цэлафанам пайшоў прыкрыць, а то ж пагніе! Сядай пакуль сюды, на канапу…
– А ты?
– У мяне яшчэ па гаспадарцы не ўсё ўпраўлена, – адказала Валя і пачала штосьці шукаць за шклом у шафе.
– Дык я з табою пайду, дапамагу што, – прапанавала Галка.
– Ты ж у нас госця, лепш наш альбом паглядзі, табе і занятак будзе.
Галя ўзяла альбом з фотакарткамі і, калі сяброўка пайшла, перагарнула старонку-другую, хацела ўжо нават адкласці – на здымках у сваёй большасці былі незнаёмыя ёй людзі, дык што іх разглядваць! Але раптам позірк зачапіўся за знаёмае аблічча. На адным з фотаздымкаў яна пазнала Гнатко ў гурце людзей. «Тут і Валя збоку стаіць, дык я і распытаю ў яе пра яго». Міжволі расхвалявалася, пайшла з разгорнутым альбомам на кухню.
– Валь, паглядзі сюды, хто гэта?
– Дзе? – схілілася Валя над здымкам.
– Ну вось гэты хлопец.
– Гнатко! На нашай пошце інжынерам-электрыкам працаваў. У Ясельдзе ўтапіўся мінулым летам.
І Галка ўся скаланулася.
– Як утапіўся?
– Звычайна, як топяцца людзі. Мо сутарга якая… У вір мог трапіць…
– А дакладна