Алесь Кожедуб

Цені Дзікага палявання


Скачать книгу

з-за гэтага ў памочнікі Люцыпара, у яго падручныя трапіў і лесавік, а яшчэ, акрамя яго, – палевікі, кладнікі, вадзянікі (сярод іх людзі распазнавалі вірнікаў і ціхоняў), балотнікі, багнікі, аржавенікі, лознікі. А як ёсць адны – ёсць і другія. У рэках і азёрах забаўляліся, спявалі салодкія песні, клікалі людзей да сябе ў чароўнае вадзяное княства русалкі. Людзям рабілася шмат лягчэй жыць, калі яны маглі сабе і іншым што-небудзь растлумачыць. Спакойна пасвіўся статак, пагладжвала зямлю сонца, каб не было зусім горача, пралятаў лёгкі ветрык, пакалыхваў траву – і раптам адна з кароў, зарыкаўшы, задраўшы старчма хвост, кінулася ў самы гушчар кустоў, з якога потым не так проста яе выцягнуць, і за ёй памчала другая, трэцяя… Заляскалі пугі, забрахаў сабака, замармыталі сабе пад нос пастухі: палевікі, яны, нячысцікі, іхняя работа, цэлымі днямі над кожнай каровай па некалькі дзясяткаў аваднёў са сляпнямі віецца – і нічога, не, толькі палевікі пачынаюць ганяць кароў, прымушаюць іх гізаваць, падбрыкваць нагамі і матляць галавой; ды на тое яны, палевікі, і ёсць. Ці брыдуць, зрэдку разгінаючыся, па балоце ягадніцы, збіраюць у кашалі журавіны, і вось выйшлі да чыстага, ціхага азярца, выпрасталіся, уздыхнулі з палёгкай, паселі, прыхінуўшыся да дрэў, тварам да возера, бо вочы на вадзе адпачываюць, на чым жа ім яшчэ адпачываць, як не на роўным і чыстым абсягу, – і раптам пайшлі па вадзе бурбалкі. Людзі падхапіліся, у трывозе глядзяць на ваду, бокам-бокам у лес, ногі самі нясуць падалей ад возера, а там, у вадзе, ужо нехта ляпае, раве, вішчыць. Вадзянік гуляе, пераглядаюцца між сабой людзі, хутчэй адсюль, яшчэ ўхопіць ды туды, хутчэй, барані божа…

      Ну і, здаралася, хацелася людзям бачыць сярод сабе падобных нелюдзяў, тых, хто прадаўся нячыстай сіле, хто не здаволіўся дзённым, зямным, хто пайшоў у слугі падзямелля і ночы. У абліччы людзей хадзілі, пазіралі цяжкімі, бяздоннымі вачыма сугнеістыя ведзьмакі, ведзьмы і калдуны. Удзень яны проста хадзілі і пазіралі – а ўначы… Уначы яны маглі зрабіць самую розную шкоду, бо сіла іх была вялікая. Прапала малако ў каровы – чары, захварэла дзіця – зірнула на малога ведзьмава вока, няўрод у полі – таксама ведзьмакова старанне, трэба знайсці яго ці яе і знішчыць.

      Той чорны ўяўны свет узнік, мусіць, з моманту з’яўлення ў лясах чалавека. Чалавек адразу зрабіў сабе ідала – столькі ж дзіўнага, незразумелага наўкола, столькі недасяжнага і магутнага, столькі жаданага, што якраз ідал і ўстаў у пячоры, і да ідала прыдумалася, прыдалося. А яны, лесавікі, і тады былі, і цяпер ёсць, ніколькі яны не памяняліся і не звяліся.

      Ды, зрэшты, лесавік добра ведаў і іншае: людзі, якія жылі ў ягонай пушчы і вакол, якія пабудавалі на гэтай зямлі вялізныя гарады і думалі пра яшчэ большыя, якія, зусім не маючы намеру звесці пушчу, амаль звялі яе, хаця і засталося яшчэ некалькі ляскоў, гэтыя людзі ніколі не ўзводзілі нячыстую сілу – усіх гэтых шатанаў, кадукоў, кікімар і лесавіка разам з імі – у абсалют. Многіх яны нават лічылі як бы і за сваіх, спагадалі ім, паблажліва дазвалялі займацца