Сёння да нас завітаў апошні паэт з вёскі Андрусь Налівоцкі. Вучыцца на першым курсе філфака. Хоць я падзяляю думку, што пачынаючых творцаў няма (ты альбо творца, альбо не – tercium non datur), аднак, як кажуць, не судзіце строга. Хто на Танку ў літаратуру ўязджае, хто Богам даны… Вось, – Анцік прыцягнуў услончык, – вось табе табурэцік, станавіся на яго – і гучна, выразна… Ну, давай, давай, не саромся!
Хлопец зачырванеўся:
– Не-не трэба гэтага. Йя-я пераб’юся. Я так.
Ён падняўся з-за стала, дастаў з кішэні акуратны тонкі сшытак, разгарнуў і, збіваючыся, пачаў дэкламаваць.
«А верш, вядома ж, пра Радзіму», – падумалася Вінусю.
– О, як люблю я той куток,
Дзе нарадзіўся я і рос…
«Памыліцца цяжка», – уздыхнуў пра сябе Вінусь.
Як сена мы складалі ў стог,
Як плёскаліся ў рэчцы,
Як усміхаўся нам мурог
I вабілі далечы…
– захліпаўся Андрусь звонкім дзіцячым галаском.
Калі ён скончыў чытаць, узнікла даўгая паўза. Усе крадком паглядвалі на Анціка: які тон задасць ён, каб потым абрынуць свае выказванні на новаспечанага паэта. Аднак гаспадар вечарыны не спяшаўся, выпіў чарку, нікога не запрасіўшы. Тады слова ўзяў Вінусь:
– Я не хачу тут анікога, так бы мовіць, разбіраць – мы не на партсходзе, і тым больш, як у школцы, казаць, што мне спадабаўся ці не спадабаўся твор за тое і за гэтае. Я проста пазначу тэндэнцыю. Відаць, усе пачынаючыя, прабач, Анцік, творцы, яшчэ не адышоўшыя ад дамашняй пупавіны ў самастойны свет, засноўваюць сваю творчасць на трох кітах: Прырода, Радзіма, Маці. Яны гатовыя бясконца апісваць усе іхныя «трэшчынкі» і клясціся ў вечнай і чыстай любові. Гэта нармалёва – чалавек пазнае свет. Адно шкада, што робяць яны гэта тымі ж самымі словамі, што пісалі гэткія ж маладыя паэты шмат пакаленняў таму. Твой верш, Андрусь, вельмі падобны да твора Канстанцыі Буйлы, і нічога страшнага ў тым няма. Проста павінна быць свежасць пачуцця, а перадаць яе трэба праз словы, якіх на самай справе не так і шмат. Аднак нотаў яшчэ меней. Так што ўся справа ў сугуччы – слова і душэўнага настрою. Працягвай свае практыкаванні, а яшчэ больш – чытай.
– Ну ты выдаў, – адгукнуўся Анцік, – проста прафесар, лекцыі чытаць табе. А ліха з імі, з тымі кітамі, давайце вуп’емо.
Усе ажывіліся, акром Кірыла, і пацягнуліся за чаркамі.
– Слушна, слушна, спадар Вінсэнт, – заўважыў Каменны Госць, – што значыць чалавек у выдавецтве працуе. Ну, за адвечных трох кітоў!
– Добра, слушна, ну, будзьма, – загаманілі ўсе разам.
– А я дык лічу, што гаўно.
Госці ў зняменні ўтаропіліся на Кіцю.
– Яно табе трэба, Андрэйка? Хадзі лепей да мяне, ды пасуньцеся ж вы, – ледзьве не прыкрыкнула яна на Анатоля з дзяўчынаю. – Хадзі да мяне, маленькі, я цябе чаму іншаму навучу, – сэксуальна закаціўшы вочы і бессаромна ўсміхаючыся,