Анцік абвёў пакой дэманічным позіркам. – Дзе ён? – Хутка і моцна, бы гепард, скокнуў на кухню і прывалок разамлелага ад Кіцінай кампаніі Андруся, рэзка пасадзіў ля сябе. – Не крыўдуй, вуп’емо прымірэнчую. Ты – паэт, я – паэт, крыху большы. Ты – дурань, я – дурань, большы ці меншы – не нам судзіць, – кульнуў чарку.
– Кірыл збег, – азваўся Віталь.
– Гэты надзьмуты? Ліха з ім, з тым таўстуном. Выбітныя пісьменнікі не былі таўстымі, яны былі Талстымі альбо яшчэ й агромністымі, – махнуў рукой Анцік. – Слухай, Андрусь. Буду чытаць свой верш.
Аднекуль пачуўся храп і соннае чмоканне. Анцік перагнуўся праз стол.
– А-а, гэта ты, рыба-прыліпала!
Пагляды прысутных скіраваліся на месца між сталом і канапай. Там, паклаўшы далоні пад галаву, мірна спачываў Мікіта.
– Ну й хай сабе спіць.
Між тым градус вечарыны мацнеў. Кіця нярвова паліла, кідаючы пажадлівыя позіркі на Вінуся. У кутку, пакінутым Кірылам, «салодкая парачка» – Анатоль і Наталя, – не звяртаючы ўвагі на астатніх, ледзьве не займаліся каханнем. Алесь сядзеў нязрушна. А Віталь лісліва зазіраў у вочы Анціку, чакаючы чарговай фразы. Вінусь выпіў і скрывіўся, узяў пляшку, паглядзеў на этыкетку:
– «Два буслы». Гэта ж, відаць, мы з табою, Анцік.
– Уга! Толькі я ўжо ў нябёсах, а ты яшчэ на зямлі вожкаешся. Шаноўнае спадарства! Маю гонар прапанаваць вам верш, – выйшаў на сярэдзіну пакоя Анцік. – Для цябе чытаю, Андрусь, як там цябе, Налібоцкі.
Ён абвёў усіх уладарным позіркам, і аўдыторыя скарылася ягонаму магнетызму, сціхла ў чаканні.
– Не хадзіце за мной, не хадзіце,
Бо я маю рахункі з сабой.
Не кахайце мяне, не любіце,
Бо каханне – для дурняў сымболь…
Чым далей Анцік чытаў, тым больш іранічнымі рабіліся пагляды слухачоў. Усе, акрамя зачараванага Андруся ды яшчэ Наталі, цішком пасміхваліся.
– I хоць трэсніце ногі цалуйце
Хоць Марыі Святой, хоць Хрысту.
Мо яны пашкадуюць, даруйце…
Анцік скончыў чытаць. Усе з цікаўнасцю дзяцей сачылі за тым, што будзе далей.
– Ну як? – чытальнік звярнуўся да Андруся.
Юнак захоплена ўсклікнуў:
– Якая моц!
– Вядома ж, моц! Болей чытаць трэба. Анатоль Сыс. У вас там, у школцы, сучасная беларуская літаратура Нілам Гілевічам, пэўна, заканчваецца. А ўжо і нашае пакаленне паспела састарэць, – сеў і выпіў чарку. – Ну а па шчырасці, дык вось што я маю. Ён ужо не выйшаў на «сцэну», застаўся сядзець і, гледзячы некуды скрозь стол, скрозь пакой, скрозь прастору, ціха пачаў чытаць:
– Уплятаючы ружы ў вершы,
Я памятаю каханне Пятраркі.
Аднаўляю сэнс праз пераклад.
Намацваю пачуццё праз час.
Бы археолаг, танюткім пэндзлем
Змятаю адвечны пясок занядбання.
Ды не, я – мастак.
Пад маімі адчувальнымі пальцамі
Праступае партрэт Лауры,
Яснеюць