калі мне было наканавана разгортваць грамадска-палітычную дзейнасць. Апошні перыяд 1914—1921 гадоў пачаўся, калі пад уплывам майго бацькі, пагаршэння здароўя і некаторага расчаравання я збіраўся паставіць крыж на сваёй дзейнасці і, кіруючыся парадай Мантэня, вырашыў апрануцца ў халат старасці. Але грамадская жылка яшчэ падштурхнула мяне далучыцца да шматлікага тады рою мух, якія пхалі польскі рыдван. Хаця я мала што рабіў, але бачыў многае спачатку з аднаго, а потым з другога боку […] і не аднойчы пераканаўся, што многія суайчыннікі, якія не пакідалі сваёй радзімы ад пачатку і да канца драмы, і сёння вельмі слаба ўсведамляюць, асабліва, пачынаючы з сярэдзіны 1915 г., тое, што рабілася па-за межамі нямецкага жалезнага кальца. Паколькі гэты гістарычны перыяд, несумненна, будзе прадметам шматлікіх даследаванняў, як дагэтуль перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі, мая праца можа служыць дадатковай крыніцай інфармацыі. […] Такім чынам, пасля анансаванага вышэй кароткага гістарычнага пралогу мы будзем мець успаміны пра:
1) прыватнае жыццё 1848—1898 гг.;
2) грамадска-палітычнае жыццё 1898—1914 гг.;
3) катаклізм 1914—1921 гг.
[…]
Познань, май 1926 г.
Раздзел I. Старажытная гісторыя, паходжанне аўтара
Нарадзіўся я 6 жніўня (26 ліпеня) 1848 г. у Друскеніках, курортным мястэчку каля Гародні, ад бацькі Аскара Корвін-Мілеўскага гербу Слепаўрон і маці Веранікі Ланеўскай-Воўк герба Дзве трубы4.
Мінулае абодвух маіх ліній, бацькоўскай і матчынай, цесна звязана са згаданым вышэй эканамічным і сацыяльным пераваротам (пераразмеркаваннем), які адбываўся сярод шляхты ў Літве і Беларусі (а таксама на Падоллі і ў Украіне) паміж сярэдзінай XVIII і сярэдзінай XIX ст. У сярэдзіне XVIII ст. гэты вялікі край, роўны па плошчы ўсёй сучаснай Польшчы, у сярэдзіне XIX ст. належаў (разам з плошчамі, занятымі прыгоннымі сялянамі) у прапорцыі большай чым 2/3, шляхце – польскай або спаланізаванай. Тады, як у часы першага падзелу шляхта мела менш за 1/3. Ільвінай доляй гэтай зямлі раней валодала некалькі вялікапанскіх сем'яў – Радзівілы, Пацы, Сапегі, Хадкевічі, Пацеі, з якіх адзін Караль Радзівіл Пане Каханку меў каля 12 мільёнаў гектараў. Потым ішлі шматлікія і вялікія каралеўскія і дзяржаўныя маёнткі – староствы, польскай артылерыі і г. д., і, нарэшце, у канцы – маёмасць касцёлаў і кляштароў.
Усё гэта памянялася ў XIX стагоддзі. З вялізнай фартуны (маёмасці – Л. Л.) Караля Радзівіла Пане Каханку, у руках унучкі яго брата княгіні Вітгенштэйн, дачкі князя Дамініка, каля 1840 г. заставаўся толькі мільён сто тысяч гектараў. Гэта фартуна пацярпела ўжо падчас першага падзелу 1772 г. праз канфіскацыі маёнткаў у Магілёўскай і Віцебскай землях, зменшылася яна дзякуючы так званым эксдывізіям5, якія праводзіліся згодна са Статутам ВКЛ і вялі да ліквідацыі буйной нерухомай маёмасці. Апошні Сапега з літоўскай лініі, эмігрант 1831 г. князь Яўстах, бацька знакамітай пані Марыі Браніцкай з Белай Царквы і дзед міністра замежных