Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)


Скачать книгу

усім афіцэрам замежнай службы вярнуцца і далучыцца да нацыянальнай арміі, пан Самуэль так і зрабіў. Прыехаўшы ў госці да свайго дабрадзея Шукевіча, ён закахаўся ў яго выключна прыгожую (і дурную) дачку, маю прабабулю – раз-два – ажаніўся і толькі тады задумаўся, дзе знайсці сваё гняздо? У суседнім Ашмянскім павеце прадаваўся маёнтак Якуні – частка былога Трабскага староства, больш за 4 тысячы дзесяцін. З дапамогай цесця купіў яго, пасадзіў туды жонку і бадзяўся паміж Якунямі і Вільняй, дзе раіўся з гетманам Касакоўскім15. Калі падчас паўстання Касцюшкі паўстала і насельніцтва Вільні, пан Самуэль быў у начной варце гетмана на рагу вуліцы Дамініканскай і Шварцавага завулка, каля дома, які пазней стаў домам Даўкшы. Ён даведаўся, што прыехала жонка і, каб убачыць сваю юную прыгажуню, памяняўся чаргой. Тым часам прыйшлі паўстанцы і патрабавалі аддаць ім гетмана-здрадніка. Афіцэр, які не захацеў іх прапусціць, быў забіты на месцы16.

      Войска распусцілі, прадзед вярнуўся ў вёску і напладзіў тут дзяцей і куль грошай. Пасля апошняга падзелу, Кацярына ІІ аддала сенатару Мардвінаву Дудскае староства, большую частку якога складала маёмасць Лугамовічы. Мардвінаў хутка прадаў маёмасць заможнаму абшарніку Гарадзенскай зямлі Корсаку (уладальніку маёнтка Жукаўшчына), сын якога пазней ажаніўся з унучкай пана Самуэля, маёй роднай цёткай. Ён хутка зразумеў, што не дасць сабе рады з аддаленым лясным маёнткам, і прадаў яго з добрым прыбыткам, хоць і вельмі танна, пану Ваўку. Воўк адразу пачаў высякаць амаль безвартасцевыя на той час лясы і заснаваў на іх месцы новыя фальваркі і вёскі, пабудаваў у Лугамовічах прасторны драўляны «палац» і ў 1802 г. аўдавеў пры нараджэнні трэцяй дачкі. Праз некалькі гадоў ажаніўся другі раз з суседняй паннай Ганнай Шваньскай, старэйшай сястрой маёй бабкі Мілеўскай. Яна засталася бяздзетнай17.

      У 1810 г. Самуэль ужо назапасіў дастаткова грошай, каб пасля эксдывізіі купіць былы радзівілаўскі маёнтак Лаздуны. У наступным годзе ён аддаў у расейскую армію свайго адзінага 17-гадовага сына Ігнацыя. У той час, асабліва дзякуючы куратару Віленскага ўніверсітэта і навуковай акругі Адаму Чартарыйскаму, Аляксандр I карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Літве. У 1812 г., калі сын ваяваў супраць Напалеона пад Барадзіно, бацька, які застаўся ў Лугамовічах, дзякуючы сваёй знанай энергіі, тым жа Напалеонам быў прызначаны прэфектам павета і кіраваў тылам войска. У яго сядзібу прыйшлі трое вюртэмбержцаў-валацуг і пачалі шумець на кухні, дзед загадаў іх звязаць і адвесці ў бліжэйшую вайсковую каманду, пасля чаго ляпнуў за сабою дзвярыма. Тады адзін з марадзёраў паспеў стрэліць, на шчасце – праз дзверы. Але куля глыбока засела ў правую лапатку дзеда і паралізавала яму правае плячо. Праз некалькі гадоў, пад ўласнай вагой, куля выйшла, і дзеду вярнулася свабода руху. На той момант ён ужо амаль што тры гады адседзеў на выбранай пасадзе старшынём павятовага суда і да канца жыцця застаўся «панам старшынём».

      У канцы 1818 г. Самуэль