Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)


Скачать книгу

змагацца з нястачай рабочых рук – улетку для ўборкі ўраджаю прасіць і потым карміць да 100 жаўнераў ці адпраўляць дзесяткі фурманак, каб прывезці людзей з суседніх гмін і г. д. Не буду паўтараць лацінскае «qui bene amat, bene castigat» (лац., «хто моцна любіць, той карае» – Л. Л.), бо Воўк, напэўна, не любіў сялян, але і ў сябе, і ў таго ж селяніна, любіў парадак і працу.

      Чэслаў Янкоўскі, цытуючы вершы Міцкевіча пра дзеда, цытуе таксама яшчэ адну паэму, якую ён знайшоў у пустых пакоях у Лугамовічах. Напэўна, яна і цяпер вісіць яшчэ недзе ў Лаздунах, калі яе не пашкодзілі «пераможныя шаблі» 9-й польскай дывізіі падчас гадавога побыту. Гэта аздоблены малюнкамі вінаграду і персікаў, цудоўна, каліграфічна напісаны акраверш старога сябра дзеда Самуэля – пана Адама Рымашэўскага, дзедзіча маёнтка Бабінск, мужа пані Евы з Гарабурдаў21, дзедзічкі Ятатловічаў, што мяжуюць з Лаздунамі. У паэме гэтага другога Адама, Міцкевічавы «злыдзень» прадстаўляецца ягнём божым, беззаганным голубам, супернікам калі не арханёла Гаўрыіла, дык прынамсі, св. Францішка Асізскага ці Вінцэнта дэ Поля22.

      Каму ж тут верыць? Я гатовы вырашыць гэтую супярэчнасць шляхам кампрамісу і прызнаць, што пан Самуэль Воўк быў чалавекам свайго часу і асяроддзя, выкарыстоўваў дадзеную яму ўладу сродкамі, адпаведнымі свайму часу і свайму асяроддзю і, як і лепшыя са смяротных, меў недахопы, адпаведныя яго вартасцям: дзейсны, гаспадарлівы, энергічны і ў той жа час патрабавальны, суровы і запальчывы. Такая ўзаемасувязь пераваг і недахопаў з'яўляецца законам прыроды, якому цалкам падпарадкоўваўся сам Адам Міцкевіч. […]

      Што да маіх бацькоў, дык я ўжо казаў, што мой бацька, пан Аскар, скончыў пансіён пана Генры і віленскую гімназію з залатым медалём. Маючы шасцярых дзяцей і добры, але не вялікі маёнтак, дзед Гіпаліт адправіў яго ў пошуках кар'еры ў Пецярбург. Няведанне мовы (у Вільні па-ранейшаму навучанне вялося на польскай мове) і адсутнасць дзейснай пратэкцыі адбілі яму ахвоту да кар'еры, і праз паўгода бацька вярнуўся ў Вільню. Сябар бацькі, пан Сідаровіч, першы адвакат у нашым краі, узяў яго ў памочнікі. Умелы, дасціпны, з добрым веданнем французскай мовы, якая ў той час панавала ў «бамондзе», бацька меў поспех у грамадстве, каралевамі якога тады была «камтэса» (графіня) Лапацінская і княжна Вітгенштэйн23 (у дзявоцтве Баратынская). Абедзве жылі пад Вільняй, першая ў Кайранах, другая ў славутых з часоў павешанага кс.-біскупа Масальскага Верках, дзе часта ладзіліся балі і аматарскія тэатры. Адначасова мой бацька «цешыў музы» – напісаў лібрэта да адной з опер свайго добрага знаёмага кампазітара Манюшкі24.

      Амаль адначасова са скасаваннем уніі, Мікалай І па настойлівай просьбе маршалкаў Кіеўскай і Падольскай губерняў, «найміласцівейша» скасаваў Літоўскі статут (акрамя Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў) і замяніў яго 10-м томам Зводу законаў з заменай вуснай і адкрытай працэдуры на пісьмовую і таемную. Кар'ера бацькі адразу зруйнавалася. Засталася толькі