Ён не для дзяўчат!
– А «дзікія кошкі»?!
Цяпер ужо Свенсан нічога не адказаў. Дакладней, ён проста не ведаў, што і адказаць. Міжволі ўспомніліся словы Ірумы, прынцэсы «дзікіх кошак», што менавіта сюды, на Медэю-2, трапляюць з Барсума хлопчыкі, калі не ўсе, дык пераважная іх большасць. Праўда, рэдка хто з гэтых хлопчыкаў даведваўся потым аб тым, што іх матулямі былі славутыя «дзікія кошкі». Максімілян Холін, былы начальнік Свенсана па Аграполісу, не ў лік, у яго была тады зусім іншая сітуацыя…
А Лоран моўчкі глядзела на настаўніка і, здаецца, з нецярпеннем чакала адказу. Хоць якога, але адказу.
– Ты хочаш стаць «дзікай кошкай»? – раптам здагадаўся Свенсан. – Ты даўно марыш ёй стаць?
Замест адказу дзяўчына толькі нізка апусціла галаву і нечакана пачырванела.
– Ты спазнілася, – сказаў Свенсан даволі рэзкім тонам. – Спазнілася на шаснаццаць гадоў! А, магчыма, і на сямнаццаць, калі табе ўжо споўнілася сямнаццаць! На Барсуме дзяўчынкі пачынаюць авалодваць сваім баявым майстэрствам адразу ж пасля нараджэння. І нават раней…
Плечы дзяўчыны раптам уздрыгнулі, нібыта ад нейкай унутранай болі. Свенсану нават здалося, што ў вачах Лоран бліснулі слёзы, хоць разглядзець гэта было не так проста: дзяўчына яшчэ ніжэй апусціла галаву. Свенсану нават стала шкада яе крыху, але трэба ж камусьці вярнуць бедную дзяўчыну з нябёсаў, у якіх яна марна лунае, на грэшную зямлю. І чым раней гэта адбудзецца, тым лепш. Для яе ж самой лепш…
– Лоран, каб стаць «дзікай кошкай», трэба нарадзіцца на Барсуме! – сказаў Свенсан ужо значна мягчэй. – А ты, як гэта не прыкра, нарадзілася на Медэі. І маці твая – не «дзікая кошка»!
– Я нарадзілася не на Медэі, – прашаптала Лоран, узняўшы, нарэшце, галаву. Свенсан не памыліўся, у вялікіх вачах дзяўчыны і сапраўды блішчэлі слёзы, якія яна адразу ж сярдзіта змахнула рукой. – І я ніколі не бачыла сваёй маці, я нават не ведаю, кім яна магла быць на самой справе…
– І ты вырашыла, што яна магла быць «дзікай кошкай»? – перабіў дзяўчыну Свенсан. – Не цеш сябе пустымі ілюзіямі, Лоран! «Дзікія кошкі» ніколі не пакідаюць на чужых планетах сваіх немаўлят жаночага полу!
– Але ж мая маці магла проста загінуць, – не зусім упэўнена прагаварыла Лоран. – Проста загінуць, і таму я засталася ў дзіцячым доме, а сяброўкі мамы… яе баявыя сяброўкі, яны проста не ведалі пра гэта…
– Ты выхоўвалася ў дзіцячым доме? – спытаў Свенсан, хоць гэта і так было ўжо зразумела пасля апошніх слоў дзяўчыны. – А хіба твой бацька… ці ты таксама не ведаеш, кім ён быў?
Дзяўчына нічога на гэта не адказала, але Свенсан усё зразумеў і без слоў.
– Лоран, калі б тваёй маці была «дзікая кошка», ты б ніколі не апынулася ў дзіцячым доме! – яшчэ больш мякка прагаварыў ён. – «Кошкі» ніколі не пакідаюць у бядзе дзяцей сваіх баявых сябровак, можаш мне паверыць!
Лоран зноў нічога не адказала, але Свенсан адчуваў, што ні кропелькі яе не пераканаў.
– Трымай!
Амаль не размахваючыся, Свенсан шпульнуў у бок дзяўчыны мініплазмер, які