Сяргей Балахонаў

Інфанта і аднарог


Скачать книгу

чысціню сваіх подумаў і метадаў змагання».

      Праз дзесяць хвілін пасля тэлефанавання дзверы ў кабінет расчыніліся. На парозе стаяў невысокі незнаёмец у чорным гарнітуры пры гальштуку. На ўсялякі выпадак, ён спытаў, ці я гэта насамрэч я, а потым, працягваючы руку для вітання, яшчэ раз поўнасцю назваў сябе. Я прапанаваў госцю сесці за першую парту. Ён зрабіў выгляд, што сумеўся, але прапанову прыняў. Мы абодва ўселіся на цяжкую дубовую лаўку – парадаксальна ацалелую спадчыну савецкіх часоў.

      – Я ў горадзе, можна сказаць, новы чалавек, – пачаў гутарку супрацоўнік. – Зямляк і сябар вашае калегі Марыны Нарымунтаўны. Са Старапалеску. Вось. А да вас, Эрнест Скіргайлавіч, маю некалькі пытанняў.

      – Калі меркаваць з таго, што мне казала Любартава, я наўрад ці магу быць вам карысным. Адкуль мне ведаць пра чорных капачоў?

      – Папраўдзе гаворка не пра звычайных чорных археолагаў, а пра секту «Кангрэгацыя кібернетычных байцоў». Дакладней, пра яе тутэйшых прыхільнікаў. Чулі пра іх?

      – Абсалютна нічога.

      – Гэта секта хакераў, – як цярплівы педагог, паведаміў госць. – Ведаеце, хто такія хакеры?

      – Сёння, бадай, і першакласнікі гэта ведаюць, – усміхнуўся я. – Але якая сувязь паміж кампутарнымі злачынцамі і нелегальнай археалогіяй?

      – Сувязь прамая і вельмі шчыльная: яны адначасова і хакеры, і капачы.

      – Ваў, – на заходні манер выразіў я здзіўленне, спрабуючы зразумець, ці не сыплюць мне жвір у вочы, а калі сыплюць, дык з якой мэтай.

      Візітоўца мяне заінтрыгаваў. Я ўважліва паглядзеў на яго. Твар Сяргея Аляксандравіча быў цалкам сур’ёзным, як традыцыйны падручнік па вышэйшай матэматыцы. Я, калі б нават вельмі захацеў, такой ступені сур’ёзнасці прадэманстраваць не здолеў бы. Вочы ўсё адно выдалі б усмешлівы агеньчык. Гэта ведалі многія мае калегі і вучні. Некаторыя з апошніх нават згадвалі пра гэта ў сваіх творчых работах, прысвечаных адметнасцям чалавечае псіхалогіі. У гэты раз мне рабілася ніякавата ад таго, што смяшлівасць маіх вачэй будзе сведчыць супраць мяне, і прадстаўнік КНАКС не стане верыць маім словам. Я намагаўся паходаць сваю ніякаватасць і пастанавіў не ўтаймоўваць тое, што стала не проста звычкай, а сапраўднай фізіялагічнай з’явай.

      – Усё ж не разумею сэнсу нашай сустрэчы, – я заўсміхаўся на ўсе вочы, але твар госця не змяніўся.

      – Названая секта, – сцішаным, але цвёрдым, бы сэрцы сталінградцаў, голасам прамовіў ён, – вызнае веру ў тое, што наш свет ёсць кампутарнай сімуляцыяй, а ўсе людзі з’яўляюцца часткай вялізнай кампутарнай праграмы невядомых магутных творцаў.

      – Так званая матрычная тэорыя. Я распавядаю пра яе поруч з іншымі тэорыямі сваім вучням, – прыткнуў і я ў гутарку свае тры грошыкі.

      – Я ў курсе, – перапыніў мяне Сяргей Аляксандравіч.

      Маё сэрца ёкнула. «Блефуе», – падумаў я. Але госць, як нічога ніякага, працягваў даваць мне зразумець, што ён ведае пра мяне вой як багата.

      – Так, я