месяцы тры, ня болей – яна так і засталася няўлоўнай, засталася белымі калготкамі на першым таполевым сьнезе. Здаецца, менавіта так, «белымі калготкамі», з жывёльным жахам перад усім жаночым, называлі мітычных прыбалтыйскіх снайпэрак расейскія акупанты на Каўказе. Напады скончыліся, нібыта і не было разьбітых вострымі абцасамі вуснаў і адточаных тычкоў пад рэбры ды трапных вытняў па самых гордых мужчынскіх месцах. Зразумела, чаму: не таму, што кожная школа некалі канчаецца, і не таму, што некаторыя жабяняты ператвараюцца ў скандынавак, а некаторыя скандынаўкі ў афрыканскіх рабыняў, і не таму, што неўзабаве зьявіліся мабільнікі, а сьвятла ў горадзе стала болей, чым бэзу. І не таму, што менскі месяц згаліў вусы – бо ў яго іх і не было, тых вусоў. А таму што кожная сапраўдная гісторыя мусіць скончыцца нічым, каб пакінуць месца для новай, яшчэ больш сапраўднай. Толькі так яна мае шанец ператварыцца ў легенду.
2. Млявыя мэлянхолiкi
Аповед пра тую дзявочую банду я пачуў ад знаёмага паэта У. Л. Мы сядзелі зь ім і ягонай жонкай-перакладчыцай у самай знакамітай менскай кавярні, яны пацягвалі віно, я – каньяк, быў вечар, і кавярня запаўнялася, як пясочны гадзіньнік. І хоць аповед быў зусім кароткі, бо гаварылі мы, уласна кажучы, зусім не пра гэта – маё ўяўленьне адразу ж дамалявала ўсе падрабязнасьці, і легенда ўспомнілася так ясна, быццам я сам быў яе ўдзельнікам. Я сапраўды чуў яе ў дзевяностых, калі праходзіў пэдпрактыку ў адной зь менскіх школаў. Школа была на самым краі гораду, і таму ўсе чуткі даходзілі да нас у апошнюю чаргу.
Я ўспомніў ня толькі гісторыю, але і самае важнае. Што ў той час, калі яна адбывалася, мне дужа карцела зрабіцца яе пэрсанажам.
Хацелася хаця б раз апынуцца на месцы ахвяраў – і адчуць боль і асалоду дзявочай жорсткасьці. Але тады я іх не зацікавіў – тых велічных і сьмяшлівых зламысьніц. Калі я вучыўся ў школе, мяне білі толькі мужчыны – і я біў толькі мужчын. Я цэліў у вочы і скулы, вырываўся, падаў, падымаўся, глытаў соплі і кроў, задыхаўся і зноў лез у бойку. А мне хацелася ляжаць, сагнуўшыся, і стагнаць. Гаварыць пра боль на ягонай мове.
А цяпер я быў ужо зусім дарослы чалавек, пазбаўлены школьных страхаў і комплексаў, мазахіст і садыст ува мне даўно здаліся на міласьць млявага мэлянхоліка – і тым ня менш, седзячы ў той кавярні, я азірнуўся ў нейкім трывожным захапленьні.
Я заўжды верыў у гэтую наіўную, настоеную на адвечных мужчынскіх страхах легенду – і цяпер абводзіў вачыма людзей навокал. Кожны зь іх мог быць у свой час ахвярай дзіўнай банды, якая некалі пайшла насуперак законам сьветаўладкаваньня і ўрэшце сышла за мяжу часу, як махноўцы за Прут, так і ня здаўшыся, так і ня стаўшы на калені, так і не запэцкаўшы сваіх белых калготак. Кожная з тых жанчын, якія сноўдалі цяпер вакол нас з келіхамі і філіжанкамі, выпадкова кранаючы рукавом маё плячо, абдзімаючы ветрам сваіх прыгожых рухаў патыліцу, магла быць там, на цёмных сьцежках Менску часоў апошняга fin de siècle, магла быць той, якая рабіла першы, дакладна вымераны ўдар. Той,