Альгерд Бахарэвiч

Белая муха, забойца мужчын


Скачать книгу

ганяюць бізонаў. І кожная ведае, што ў 1954 годзе іхная краіна ўступіла ў гэтае загадкавае ЮНЭСКА.

      Жанчыну ён, здаецца, знайшоў – толькі наконт кошту пакуль не дамовіўся. І яна, не сказаўшы пакуль ні «так», ні «не», выправіла яго сюды. Абвясьціла, што яму трэба абавязкова зьезьдзіць у іхны беларускі замак, інакш яна пакрыўдзіцца. ЮНЭСКА – сказала яна, падняўшы палец угару. Што ўсё ж значаць гэтыя шэсьць вялікіх, як праваслаўныя купалы, літар? – раздражнёна падумаў аўстрыяк. І як іх маглі туды ўзяць, у тое ЮНЭСКА, зь іхнымі бізонамі, зь іхнымі халадамі, іхным страшным альфабэтам? І што, дзеля ўсяго сьвятога, хоча ад мяне гэты надакучлівы сусед, у якога так непрыемна пахне з рота?

      А чалавек у акулярах не пакідаў яго ў спакоі: «Яны кажуць: Краіна Замкаў! Ня бачылі? Так і пішуць: Беларусь – Краіна Замкаў! Хаха».

      «Хаха», – паўтарыў умольна аўстрыяк, зноў выставіўшы наперад далонь – але марна.

      «Краіна Замкаў! – пагардліва крэкнуў неадчэпны сусед. – А іх тут раз-два і… Ну Мір, ну Нясьвіж, яшчэ парачка, ну і гэты, куды мы едзем, не хачу называць… Усё. Кажу вам: рэальна ўсё! Дый тое, зараз пабачыце – пасьля рэстаўратараў там жывога месца не засталося. Ня замак, а, выбачайце, ахвяра аборту!»

      Ён пераможна азірнуўся і абвёў вачыма іншых пасажыраў, якія старанна рабілі выгляд, што ня слухаюць.

      «Дык а чаго ты на экскурсію едзеш, калі ахвяра? – нарэшце ляніва запытаўся нехта ззаду. – Сядзеў бы дома».

      «Вот народ, всё б своё обсирать, не могу», – адразу ж сказала нейкая Жанчына ў Зялёным, не адрываючы позірку ад акна.

      Над замкам вісела хмара, праколатая тонкім сонечным променем. І прамень апускаўся да самай замкавай вежы, і там, дзе ён дакранаўся да яе, лунала дзіўная сьвецень.

      «А я ганаруся нашай краінай», – тонкім голасам сказаў чалавек са значком і падняўся зь месца. Нехта запляскаў, іранічна, павольна, з адцяжкай.

      «Вы ў аўстрыяка спытайце!» – чалавек у акулярах паказаў пальцам на свайго суседа, які цяпер вымушаны быў жаласьліва ўсьміхацца ўсяму аўтобусу. Аўстрыяка ўважліва разглядзелі, нехта нават азірнуўся, каб паціснуць яму руку.

      «А что этот австрияка? Его дедуля здесь, видать, в свое время наделал делов, – сказаў мужчына з вусамі, пра якога з дакладнасьцю можна сказаць, што ў яго ёсьць дача ў пасёлку для адстаўных вайскоўцаў. – Австрийцы тоже в вермахте служили, забыли, а? Ещё и добровольцами записывались. Семьдесят лет родину после них отреставрировать не можем. А что, не так? Пусть расскажет».

      «Господа! – з дакорам прамовіла жанчына з турбюро, якая сядзела ля дзьвярэй. – Господа, вы же взрослые люди! Мы уже почти приехали!»

      Цёмна-чырвоныя муры, забытыя на жоўтым узгорку, цені на іх, хуткія, бясшумныя, як манахі – падбіраюць крысьсе, апускаюць капюшоны, таропка прашмыгваюць ля самай зямлі. Кажуць, яны пражылі разам ужо шэсьцьсот гадоў: гэты замак, гэтая хмара, гэтае сонца.

      Недзе мы такое ўжо бачылі. У нейкім навукова-папулярным сьне.

      «Девушка, а вы одна едете? – нахіліўся да маўклівай дзяўчыны ў белым вясёлы, страката апрануты барадаты бляндын, які