Альгерд Бахарэвiч

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры


Скачать книгу

і так ясна. Скончыцца ўсё мусіла банальным “жэвузэмам”. Аднак выйшла інакш.

      На першым жа ўроку нашая з табой настаўніца Віка навучыла нас прымаўцы: “chacun est l’artisan de sa fortune“. То бок кожны каваль свайго шчасьця і партызан свайго лесу. Яна наогул любіла даваць нам прымаўкі ў якасьці хатняга заданьня: так мы даведаліся, напрыклад, што qui vivra verra, і гэта аказалася чыстай праўдай.

      Прымаўкі, што па-француску, што па-беларуску, заўжды нясуць у сабе дадатковыя, лішнія, але дужа цікавыя для марнатраўнага розуму сэнсы. Скажаш, напрыклад, “ня мела баба клопату, купіла парася”, і думаеш чамусьці пра інстытут шлюбу. Пачуўшы, што “бог не цяля, бачыць круцяля”, успамінаеш пра камэры відэаназіраньня і цэнзуру ў сеціве…

      Адна з прыгожых, бюргерскіх па сваёй філязофіі беларускіх прымавак, што ўсплыла ў 2000-х і пасьпела ўжо набіць аскому, гучыць так: рабі пільна, і тут будзе Вільня. Цудоўны загаловак для кепскіх тэкстаў. Вільня Вільняй, але спробы зладзіць уласны Парыж за тысячы кілямэтраў ад самога Парыжу ні да чога добрага не прыводзяць. Так вучыць нас беларуская літаратура.

      І правільна робіць. У агонь яго, рассаднік хваравітасьці і млявасьці, дурных ідэй і непатрэбства! Як пісаў Зьмітрок Бядуля ў артыкуле “Чаму яшчэ няма беларускага раману?”:

      “Тое, што мы бачым у нашых большых празаічных творах… таксама нас не ўздавольвае: там мы знаходзім ненармальныя скокі ад вульгарных п’яніц да футурыстаў-неўрасьценікаў. Гэта, трэба прызнацца, далёка ад праўдзівай псыхікі нашага народа…”

      Усё ён, Парыж, вінаваты. Парыж, які разбэшчвае, руйнуе, прымушае раўнаваць і раўці, як саўгасная карова, адганяючы хвастом аваднёў, прымушае корпацца ў сваіх балячках. Парыская хвароба. Мы, беларусы, не такія. Балячкі можна проста прыпячы.

      У 1928 годзе Бядуля выдаў свайго жудаснага “Салаўя” – “аповесьць з часоў паншчыны”. У 1935 яе экранізавалі, а ў 1939 паводле гэтага твору нават паставілі балет. Нечым злавесным патыхае ад гэтых словаў і лічбаў: балет “Салавей” 39-га году…

      Сюжэт аповесьці такі. Дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя. Аўтар, які жыве ў Менску, адгукаецца на прапанову сябра зьезьдзіць у саўгас за 20 км ад сталіцы Савецкай Беларусі. Там нейкі стары дзед распавядае яму легенду пра Салаўя, а аўтар слухае – і ў галаве ягонай нараджаецца ідэя аповесьці.

      Дзеяньне адбываецца яшчэ да адмены прыгоннага права. Мусьё пан Вашамірскі доўгі час пражыў у Парыжы, дзе закахаўся ў адну акторку, а заадно і ўсёй душой палюбіў тэатр. Але каханьне сканчаецца, абставіны складваюцца не найлепшым чынам, і заўзяты тэатрал вымушаны вяртацца на радзіму ў свой маёнтак. Памятаеце Лятальскага? Яны б з Вашамірскім пасябравалі – а Бядуля, відаць, скарыстаўся з Марцінкевіча, не міргнуўшы вокам.

      Дык вось, вярнуўшыся ў свой маёнтак, пан Вашамірскі вырашае зладзіць у ім свой тэатр: выпісвае з Францыі балетмайстраў, набірае групу з прыгонных сялянаў, купляе мужыцкі аркестр, рэжысэрам ставіць ксяндза – і пачынаюцца рэпэтыцыі. Вашамірскі лічыць сябе прагрэсіўным чалавекам, які нясе сьвятло культуры ў гэты богам забыты край. Прагрэсіўны пан жорсткі,