дружа выпадковы, / За мой лёс і шчодры і суровы, / Лёс, якому пазайздросьціць кожны / На шляхах жыцьцёвых падарожны.
Мы з табой катрынак ня чулі і ніякіх асаблівых папугаяў тут не заўважылі – пэўне, вымерлі, нягледзячы на пацяпленьне клімату. А можа, і не было ніякіх папугаяў, пагатоў “з далёкага Самоса”. Мала таго, што Танк тут блытае Самоа, грэцкі Самас і нікарагуанскага дыктатара Самосу – ён яшчэ і бессаромна гуляе на тым, што большасьць ягоных чытачоў нікуды далей за Берасьце выехаць ня могуць. Але што такое блышыны рынак – разумеюць добра. Барахолка на Porte de Clignancourt нагадвае ўсе іншыя блышыныя рынкі сьвету. Прадаўцы мерзнуць, турысты прыцэньваюцца, твар у тавар, тавар у твар, і твар адбіваецца ў тавары: ствараецца ўражаньне, што тут усе знаёмыя і ўсе рупліва робяць адну справу, але гэта ня так. Блышыны рынак – месца для людзей, якім няма чым заняцца. Тут прадаюць час – і знайсьці пад ягонымі заваламі нешта сваё і ёсьць сэнсам блуканьняў. Я люблю блышыныя рынкі і не люблю іх пагардлівых прадаўцоў. Іх агрубелыя рукі даўно перасталі адчуваць цяпло рэчаў. Яны – фальшывыя мёртвыя, якіх падымае зь нябыту толькі слова “Колькі?”
Прыкладна так я пачуваюся, пішучы гэтую кнігу – як на зімовым блышыным рынку літаратуры. Я хаджу з табой па гэтым чужым Парыжы і ваджу з сабой цені памерлых пісьменьнікаў. Мне добра ў кампаніі мёртвых. Яны ня будуць тлуміць галаву аповедамі пра сваю славу – яны спакойна раскажуць пра горад і рэчы, пра свае падарожжы і свае сны, а потым мы разьвітаемся. Наколькі наогул можна зь некім разьвітацца, блукаючы па Сталіцы сьвету.
10. Колас. Кангрэс. Грыбы
Парыж любіць рэчы. Аднойчы ты завяла мяне на бульвар Вальтэр – тут, недалёка ад плошчы Бастыліі, прадаюць старыя фотаапараты: чароўныя чорныя птахі, фантастычныя істоты з даўгімі дзюбамі, у якіх хаваецца ўважлівае вока пад паслухмяным павекам. Птахі, якія вольна пачуваюцца ў часе, час – іхнае неба. Нямецкія, францускія, ангельскія назвы, што гучаць, як музыка старой кружэлкі; эбаніт і дрэва, мэтал і срэбра – чатыры стыхіі, што нарадзілі іх з дапамогай чалавечых рук. Гэтыя камэры пазіраюць на Парыж зь вітрынаў так па-філязофску, што робіцца відавочным: гэты горад ведаў іншыя, больш жывыя часы, яны глядзяць на нас, як клясыкі на цырыманіяльныя патугі нашчадкаў, насьмешліва, нязлосна і пагардліва. Яны памятаюць часы, калі мастацтва было складаным і нясьпешным. Яны прыгожыя той чорнай птушынай прыгажосьцю мужчын і жанчын, якія імі карысталіся амаль сто гадоў таму. Нават ня верыцца, што ўнутры іх нешта ёсьць – яны выглядаюць маналітнымі, як кавалкі смалянога бурштыну.
Цябе ўзбуджаюць тут кнігі, пахі, афрыканскія цырульні, цені, масты і старыя фотаапараты. І я цябе разумею. Мяне таксама апаноўваюць дзіўныя дрыжыкі, і хочацца выць ад некаторых рэчаў: якія ляжаць і маўчаць, і пахнуць, і блішчаць, і адбываюцца, нягледзячы ні на што. Яны ўвесь час адбываюцца—проста тут, з намі, і мы са зьдзіўленьнем сочым за тым, як нас апаноўваюць іх таямніцы.
У 1935 годзе ў Парыжы пабываў Якуб Колас і купіў сабе ня штосьці, а менавіта