Швайцарыі. Яна праседзела тут дзьве гадзіны, і самыя розныя думкі наведвалі яе рудую галаву. Побач прысела тоўстая Парыжа, без спачуваньня пазіраючы на чужаземку, якая ўвесь час уздыхала. Норы ўжо тады падалося, што Джойс ня вернецца, кінуўшы яе тут. Тое самае нашэптваў Джойсу д’ябал, галасамі ягоных дублінскіх прыяцеляў: кінь яе, нашто яна табе трэба, гэтая баба, кінь, ты ў Парыжы… Але ён вярнуўся, выпіўшы, але з грашыма. І яны вярнуліся на вакзал і ў тую самую ноч цягнік павёз іх на паўднёвы ўсход, у Жэнэву і Цурых. Так пачалася іх гісторыя, гэта – яе сапраўдны пачатак. А наш з табой пачатак хай будзе для ўсіх сакрэтам – пакуль нехта не захоча зрабіць з малога вялікае і бачнае, з чужога – сваё.
Магчыма, гэта адзіная традыцыя і адзіная пераемнасьць, у якую я веру.
Джойсавых мясьцінаў у Парыжы багата – ён пражыў тут амаль дваццаць гадоў. Кватэра на square de Robiac, дзе пісаліся “Памінкі па Фінэгане”, і шпіталь на rue Cherche-Midi, дзе ён наведваў жонку і знаёмых, і rue Casimir-Périer, дзе здымаў кватэру сакратар Джойса Поль Леон і дзе ішла праца над першым францускім перакладам “Ганны Лівіі Плюрабэль”, жанчыны-ракі. Avenue Saint-Philibert, дзе Джойс зьняў кватэру ў 1930. Rue Edmond Valentin – самая шыкоўная кватэра ў жыцьці Джойса: каля Эйфэлевай вежы, пяць пакояў, тэлефон, цэнтральнае ацяпленьне, ліфт… Праўда, тады ён быў ужо амаль сьляпы і вельмі знакаміты. Hôtel Corneille у Лацінскім квартале, дзе Джойс жыў яшчэ ў “бязнорны” пэрыяд, у свой першы прыезд у Парыж у 1903 – ягоны першы парыскі кут.
Сьпіс няпоўны – бо сьвет Джойса няпоўны, і ніколі ня будзе поўным, інакш бы ён усё гэта не напісаў. А Ян Максімюк не пераклаў бы палову “Ўліса” на беларускую. І наогул, калі б ня Джойс, нічога гэтага магло б і ня быць. Калі б ён не вярнуўся тады да Норы на boulevard de Strasbourg, калі б яна вярнулася ў Дублін, зьняслаўленая, раздушаная і расчараваная здрадай. Калі б люстэрка служанкі ня трэснула, калі б сваё засталося сваім, а чужое чужым. Калі б я не сустрэў цябе – усё было б інакш, і я ня стаў бы пісаць гэтую дзіўную кнігу, у якой мне можна ўсё.
8. Букіністы. Гатэлі. Адсутнасьць
На маім стале – францускі пераклад “Уліса”, зроблены Валеры Лярбо і выдадзены напрыканцы пяцідзясятых. Гэта твой падарунак на мае народзіны – і ты задаволена і хітра ўсьміхалася, гледзячы ў мае шалёна-шчасьлівыя вочы. Табе чамусьці падабаецца рабіць мяне такім: быццам ты перакладаеш мяне на розныя мовы і глядзіш, што выйдзе. Выходзіць кожнага разу па-новаму: дзякуючы табе я адкрыў у сабе неверагодна шырокі дыяпазон самых розных рэакцый. Шалёна-шчасьлівы Бахарэвіч – гэта зусім ня тое, што па-сабачаму шчасьлівы Бахарэвіч, і ня тое, што стамлёна-шчасьлівы. Я з ахвотай падыгрываю табе, і ты гэта ведаеш, я ў кожны момант гатовы табе падыграць, бо мне важнае адчуваньне гульні і цуду.
Мы купілі гэтага “Ўліса” ў букіністаў, тых самых гордых парыскіх букіністаў, якія раскладваюць свае цёмна-зялёныя шапікі-скрыні на беразе Сэны, як быццам вылавілі іх толькі што ў яе шэрых водах і цяпер сушаць. Сырыя кнігі, азяблыя рэчы, дрогкія рукі, над іхнымі шапікамі вогкі пах часу, застарэлага кашлю і рачны холад костак.