Нырнуўшы ў зялёнае, нешта рэпэтавалі птахі. Даражок не дайшоў яшчэ да крамы, а ўжо забыў пра газонакасільшчыка й пра Драпковіча – пагатоў, і ля крамы людзей чамусьці не было, хаця там зь сямі гадзінаў штодня таўкліся ведама хто. На тым баку вуліцы, як цалкам скончаныя скульптуры, віднеліся штабелі пліткі. Даражок прайшоў далей, запаліць трэба было зараз жа, інакш – катастрофа, сьмерць, выгнаньне. Нечакана для сябе самога ён усьміхнуўся, але тут жа сьціснуў вусны і аглядзеўся вакол. Ніхто тут ня мусіць бачыць ягонай усьмешкі. Абапал алеі нясьпешна пагойдваліся дрэвы. Раз-пораз яму здавалася, што між дрэваў зьяўляецца нечая постаць, але ніхто так і ня выйшаў яму насустрач. Пасярод дарогі над раструшчаным пачкам печыва, якое, відаць, нехта выкінуў з вакна машыны, нэрвова ківаў галавой голуб. Даражок спыніўся ля пешаходнага пераходу, дачакаўся зялёнага сьвятла й падыйшоў да прыпынку. Зубы на рэклямным шчыце заклікалі да карыесу.
– Запальнічкі ня будзе ў вас? – сказаў Даражок ў цёмнае адчыненае вакенца шапіку й сунуў цыгарэту ў рот. Прадавачка яго ведала: не па імені, не, толькі ў твар. Яны пасьміхаліся, бывала, адно адному: навошта? Ён пачакаў, потым дастаў з кішэні дробязь. Словы пра запальнічку прагучалі неяк недарэчна, не пасавалі яны неяк гэтай раніцы. Даражок прыгнуўся й зазірнуў у шапік, гатовы вось-вось апынуцца вочы ў вочы з прадавачкай, якая, мусіць, зараз пад прылаўкам, ды не: нікога там не было, толькі чырванела запальнічка побач з касавым апаратам. Даражок ужо працягнуў руку, але тут за шапікам пачуліся грузныя крокі, ён імгненна вярнуў запальнічку на месца й нават міжволі схаваў рукі за сьпіной. Птахі сьпявалі гучна, нібы недзе ў Неглыбокім. Крокі паўтарыліся. Даражок абыйшоў шапік, ужо апранаючы на твар патрэбны выраз. Але і там нікога не было. Зь вялізнай разламанай картоннай каробкі выскачыў кот і кінуўся ў кустоўе. Даражок вярнуўся, запаліў і пайшоў да мэтро пехатою.
“Усё зразумела”, – падумаў ён, падыходзячы. “Усё, усё зразумеленька. Людзі-коткі. Галівуд. Мне, як заўжды, не пашанцавала”. Аднак катоў ён болей не спаткаў. Мэтро было прахалодным, Даражок атрымаў па левым калене, калі паспрабаваў прайсьці бясплатна – ён абыйшоў турнікеты бясьпечным шляхам і прысеў на лаўку у цэнтры плятформы. У яго было такое адчуваньне, што цяпер ноч і ён чакае апошняга цягніка. Аднак была раніца, і калі ён і мог куды-небудзь адсюль зьехаць, то толькі з глузду. Гадзіньнік добрасумленна паказваў час. Калі Даражок хацеў пасьпець на сустрэчу, яму трэба было сьпяшацца.
Ён вярнуўся наверх, прайшоў па Абрыкосавай, зьвярнуў на Вінаградную, пастаяў у ценю на Цяністай. На вуліцах былі прыпаркаваныя машыны, блішчэла шкло, віселі расклады працы крамаў і прадпрыемстваў. Зьнерухомеў тралейбус у тралейбусным парку (мэханік, гад, пераблытаў правады). Застыў з раскрытымі абдымкамі перад школай экскаватар. Імкнуліся ўкусіць сябе за хвост сьцягі на афіцыйных установах. Паўзла кудысьці рака. Абурана азіраліся вакол помнікі. У горадзе гаспадарылі сонер і ветра. Плястмасавыя крэслы стаялі на століках