Альгерд Бахарэвiч

Праклятыя госці сталіцы


Скачать книгу

шчасьлівы й трохі зьбянтэжаны ўладальнік уласнага гораду, нібы незабыўны ад самага дзяцінства Кармадзі з кнігі “Прадаецца плянэта”? Сьнедаў у “Італьянскім куточку”, на адкрытай тэрасе, абедаў у малой залі рэстарацыі “Патсдам”, вячэраў у “Таджыцкай кухні” – сам сабе кухар, сам афіцыянт, сам кліент. За першыя два дні паглядзеў усё тое модна-жорсткае кіно, на якое калісьці не ставала грошай. Пераспрабаваў мора цыгарэтаў і ўрэшце спыніўся на “Лакі страйку”; адзін дзень Даражок не паліў зусім – абкурыўся паганымі й дарагімі цыгарамі. Пасядзеў у прэзыдэнцкай ложы на стадыёне. Лянотна пагартаў шыкоўныя выданьні ў “Сьвеце кніг”, аднак жаданьне чытаць, дагэтуль дастаткова моцнае, зьнікла як і не было, і Даражок, пазяхнуўшы, падумаў: “Потым”. Нічога не чапаючы, пахадзіў па некалькіх незачыненых кватэрах у цэнтры, неўзабаве ўсё ж ня вытрымаў: пакахаўся зь нечымі ачмуральна-кужэльнымі майткамі, асьцярожна выцершы за сабой; сунуў у кішэню суворага выгляду пісталет, аглушыўшы вечарам таго ж дня ў парку сям’ю разамлелых ад цішыні качак (страляў ён, натуральна, не па птахах, а па піўных келіхах, выстаўленых на каменны парапэт – сем стрэлаў, і ўсё міма); пасадзіў на плячо зусім нерэальнага нават у гэтай казцы ручнога ворана, які еў асірацелых прусакоў у трохпакаёўцы каля цырку; ахайна, строга захоўваючы пасьлядоўнасьць, праз роўныя прамежкі часу перакалаціў малатком дваццаць восем гліняных галоваў, раскіданых па нечай майстэрні; у другой майстэрні натрапіў на надзіманага чалавека, фігуру якога складалі штук дваццаць вялізных поліэтыленавых пакецішчаў: усьмешка, рот, вочы, нос, рукі й гэтак далей; гуляў у нейкае падабенства сквошу сам з сабой на могілках, прайграўшы ўсе партыі; зрабіў на цэнтральнай плошчы вогнішча з газэтаў (думаў, атрымаецца вялікае), падняўся на трыбуну й доўга стаяў, выкінуўшы руку ў фашыстоўскім прывітаньні (з трыбуны вогнішча выглядала убога); накарміў нейкага зусім ужо лядашчага ката дэлікатэсамі й ледзь уцёк ад зграі ягоных суродзічаў, якім заставалася, відаць, няшмат часу, каб навучыцца самім пранікаць у запаветныя сховы; патрынькаў трохі на “Фэндэры”; перапіў абсэнту і глупым чынам заснуў на падлозе ў адзьдзеле цацак самага буйнога супэрмаркету.

      34

      Спачатку Даражку было жудкавата адчуваць сьпінай гэтыя скіраваныя штохвіліны толькі на яго н і ч ы е позіркі – можа, таму ён гэтак імкнуўся рабіць як мага болей шуму, можа, таму ён стараўся ні на імгненьне не заставацца цалкам цьвярозым.

      Жыў ён цяпер у сьціплым, але чыстым, як правінцыйны бардэль, гатэлі “Пераможца” – і ўсё таму, што тут некалі, падчас ягонай вучобы ва ўнівэрсытэце, спыняўся сам Эліс Найтмар, ужо ў тыя дні занадта стары й незапатрабаваны, каб граць дзе-небудзь яшчэ, апрача як у гэтым горадзе; Дзядзьку Найтмара ў сталіцы памяталі хіба што толькі саракагадовыя пярдуны, а вось у Неглыбокім яго круцілі на кожнай дыскатэцы. Дзядзька Найтмар даў тады адзін канцэрт у Палацы спорту, на які Даражок хадзіў з Драпковічам і ягонай сяброўкай, але ў памяці засталося газэтнае: “Эліс Найтмар,