лекаванні апёкаў. Узвар ад яго, ад святаянніка, атрымліваецца чырвоны, «родны» з кроўю. Таму і карысталіся ім для «прыбаўлення крыві».
Скарына скептычна ўзяў альманах:
– І вы верыце гэтаму траўніку-страўніку? Асабліва калі ўлічыць, што пры карыстанні ўсімі гэтымі травамі абавязкова трэба прыгаворваць што-небудзь гэткае: «На моры, на лукамор’і стаіць вярба, на той вярбе сем сот галля, а ў том галлі звіта лапухова гняздо, а ў тым гняздзе ляжыць Евацарыца…» Гэта ж чорт ведае што такое! Вы ж адукаваны чалавек… Няўжо вы сапраўды верыце ў існаванне пералёттравы, якая выконвае ўсе жаданні? Ці ў разрыў-траву, якая адчыняе ўсе замкі ды засовы? Гэта ж усё казкі, прыдуманыя ад людской неадукаванасці. Вунь у вашым траўніку пішуць, што цыбуля ды часнык адганяюць ліхія чары ды нячыстую сілу… У дваццатым стагоддзі жывём! Эпоха тэхнічнага прагрэсу!
Антон на скептычную доктараву ўсмешку не зрэагаваў, запярэчыў сур’ёзна:
– Можна ж не браць пад увагу ўвесь гэты старэчы фальклор. А вось вам як доктару, пэўна, было б цікава пра ўсе гэтыя травы даведацца.
– Мне? Нецікава! Я ж хірург, а не тэрапеўт, – перавёў размову на жарт Скарына. – Давайце агледзім вашу нагу.
Сённяшні агляд быў нядоўгім.
– Ну вось, правая ў вас цяпер амаль такая ж, як і левая. Варта было б вас выпісаць, а то, лічы, здаровы чалавек ляжыць, займае месца.
– Дык я б не супраць, – Вітушынскі пажвавеў. – А што, можаце выпісаць?
Доктар задуменна агледзеў яшчэ раз нагу Вітушынскага:
– Выпісаць можна, але паназіраць за вашым станам я б яшчэ хацеў. Вы калі атрымалі гэтае раненне? На фронце? Франтавая разведка? Ах, яшчэ ў пятнаццатым годзе… Ведаеце, я вам вось што прапаную. Вы ж у нас праездам, так? У нас у горадзе, як ведаеце, ёсць гатэлі «Адэскія нумары», «Кіеўскія нумары». Але я вам не раю туды сяліцца: прусакі, ведаеце, клапы, рэдка мяняюць пасцельную бялізну, дый увогуле… Ёсць яшчэ гатэль «Брыстоль». Аднак, мне здаецца, чым больш гучную назву даюць гатэлю, тым менш дбаюць пра ўтульнасць і чысціню. Пажывіце тыдзень-другі ў мяне ў доме. Ён, праўда, амаль на самым краі горада. Але вялікай бяды тут няма: горад у нас невялікі, таму заўсёды зможаце дабрацца куды захочаце.
– Нават не ведаю. Неяк гэта няёмка, – пацыент сумеўся.
– Няма тут нічога няёмкага. Лічыце, я забіраю вас пад свой нагляд. Пагатоў, у мяне вы зможаце паглядзець яшчэ процьму такіх кніг, пра якія вы тут толькі чытаеце. Можа, знойдзеце што-небудзь цікавае для сябе і для іншых. А не толькі «На моры, на лукамор’і стаіць вярба»…
Прамовіўшы гэта, Скарына лёгка ўзняў сваю выносістую фігуру. І пераходзячы ўжо да суседняга ложка, кінуў цераз плячо Вітушынскаму:
– Збірайцеся, у абед паедзем да мяне.
Дом Скарыны стаяў на вуліцы, парослай старавечнымі ліпамі. Усе тутэйшыя дамы – невялікія. Доктарскі будынак хаваўся ад дарогі ў глыбіні, за невялічкім «паркам» – высаджанымі ў шахматным парадку ясенямі. Там-сям паміж дрэваў былі відаць невялікія кветнікі з наготкамі, касачамі.
Найманы