здзіўляцца часу не было. Ён добра страсянуў Даніла за плечы, папляскаў па шчоках. Юнак скрывіўся, паматляў галавой ды расплюшчыў вочы. У іх стаяў неспакой.
– Ты ўчапіўся ў парэнчы ― не адарваць…
Данік сутаргава вызваліўся з Алесевых рук, хутка нацягнуў рукавы.
– Я ў парадку.
– Што ты бачыў? Хто гэта быў?
– Чалавек, ― юнак зноў паматляў галавой. ― Мужчына.
Няўпэўнена зірнуў на Алеся. Быццам яго напалохала тое, што ён убачыў. Не дзіва.
– Ён быў адзін?
Яму не хацелася прыспешваць хлопца, трэба было даць яму прыйсці ў сябе. Але так карцела задаваць пытанні.
– Я бачыў аднаго. Я не бачыў, як ён зрабіў гэта… Толькі як ён стаяў і глядзеў. Уніз.
Дык, можа, усё ж такі?.. Не, не ўбачыў бы Данік звычайнага разяваку. Гэта быў забойца. Дакладна.
– Ты не запомніў твар?
– Я не разглядзеў. Ён быў у шэрым, ― Даніл стомлена пацёр далонямі вочы, выдыхнуў.
Алесь стрымана кіўнуў ды паляпаў хлапца па плячы.
Насамрэч, якая розніца, хто менавіта гэта быў.
Галоўнае, што не сам. Гэта была Сістэма.
Даніл Арлоў
Сасіскі ― колцамі, сыр ― кубікамі, два яйкі, соль. Трэба паразмаўляць з хросным. Усё ў адзін кубак. Чаму яму не распавядалі пра нататнік? Размяшаць. Чаму не папярэдзілі пра забойства? У мікрахвалёўку. Навошта ўвогуле было забіваць? У другі кубак ― дзве лыжкі кавы, дзве лыжкі цукру, кіпень. Трэба ехаць у офіс. Размяшаць.
Даніл санліва апусціўся на адзіны на кухні зэдлік. У яго кватэры быў мінімум мэблі, мінімум рэчаў. Бо ўспаміны наліпалі на ўсё хутчэй за адбіткі пальцаў. Яму доўга давялося прызвычайвацца да здольнасцяў. Першы час ён нават насіў пальчаткі, бо кожны дотык выклікаў мроі.
Юнак павольна зрабіў глыток кавы. Усё, чаго яму зараз хацелася, ― зноў апынуцца ў ціхай, пыльнаватай Лабараторыі, падалей ад таго, што адбывалася ў рэальным жыцці. Ён быў не падрыхтаваны. Не падрыхтаваны сутыкнуцца з такімі, як ён, а потым зведаць, што гэта ўсяго толькі пачварныя вопыты вар’ята-вучонага. Усяго толькі нейкая вакцына. Ён быў не падрыхтаваны да забойстваў.
Да таго ж ідэя «Лабірынта» больш не здавалася памылковай. Яны захоўвалі значна больш спадчыны, чым «Система Охраны Наследия». Таму што не арыентаваліся на ідэалогію, не падпарадкоўваліся кіроўчаму апарату. А чым касцёл Святога Роха быў горшы за Пакроўскі сабор? Чаму адзін існуе, а ад іншага засталіся толькі ўспаміны? Чым Геніюш горшая за Ахматаву? Чым Манюшка горшы за Мусаргскага? Чаму з цэнтра Мінска знік помнік Якубу Коласу? Чаму Купалаўскі сквер стаў Свіслацкім? Таму што так зручна «Первому округу», то-бок Маскве? Чым больш у яе «исконно русских» тэрыторый, тым больш уплыву у Аб’яднанні Рэспублік?
Запішчала мікрахвалёўка. Даніл дастаў немудрагелісты амлет, які ўжо сабраўся выйсці за межы кубка, і задумліва стаў калупаць яго відэльцам.
Які сэнс ва ўсіх гэтых разважаннях? Усё роўна яму супраць сістэмы не ісці. Ён усяго толькі вінцік. Эдуард Львовіч меў рацыю. Такія, як ён, без Сістэмы