Мікола Адам

Шоўк (зборнік)


Скачать книгу

апусцілася сцяной. Я адчуваў сябе ваўком, загнаным у пастку. Хутчэй, ваўчанём ці, лепей, шчанём, таму што забраўся ў сабачую будку, хаваючыся ад немцаў і паліцаяў, якія лавілі габрэяў. Я ўжо ведаў, – калі трапіш на вочы фашыстам, яшчэ горай, «бобікам», – дабра не чакай. Усіх, каго я ведаў: і дзядзьку Мойшу, і цётку Сару, і іх дачок Марыю і Хрысцю, і бацькінага брата Абрама, які пісаў харошыя вершы і дапамагаў мне ў складанні, – я не бачыў з мінулага лета. Іх, таксама, як і цяпер, уначы выгналі з уласных дамоў, загадалі ўзяць самае неабходнае і некуды павялі. Праз некаторы час у мястэчку пайшлі чуткі, што іх пастралялі. Бацька хаваў ад мяне праўду, але я ўжо не маленькі і сам разумеў, што немцы за нешта ненавідзяць габрэяў і знішчаюць усіх. Бацьку яны закалолі штыкамі. Ён паспеў перакінуць мяне цераз плот на суседскі гарод і загадаў бегчы, ратавацца. Але ж там, з бацькам, засталіся маці і цяжарная сястра Міра. Я яшчэ прыслухоўваўся да гукаў, што даносіліся з нашага двара, і нячутна плакаў. Слёзы каціліся самі па сабе, і далоні пераўтвараліся ў кулакі таксама міжволі, але нічым дапамагчы родным я не мог. А пасля ўсё скончылася. Крыкі і брудную лаянку заглушыў шум матора грузавіка, які паглынуў іх, нібыта ежу, не разжаваўшы як след.

      І тады я пабег. Ажно вецер свістаў увушшу. Я шукаў, бегучы, схованку, але вочы ні за што не чапляліся. Толькі ў адным з пустых двароў, ці то мне проста падалося, я заўважыў сабачую будку. Сабак увогуле ва ўсёй акрузе не было, іх пастралялі немцы. Можа, мяне не знойдуць… Мяне калаціла, як у ліхаманцы, ад страху перажытага і страху за будучае, пра каторае я і думаць не хацеў, ды думкі пчаліным роем кружлялі ў галаве, бо я хацеў жыць, занадта ж малады, каб памерці.

      А можа, мяне калаціла ад холаду? На дварэ стаяў студзень, а ўва што я паспеў апрануцца? Ватоўка і кажух, як віселі, так і засталіся вісець на вешалцы ў верандзе. Добра яшчэ, што паспеў улезці ў кірзавыя боты, але на босую нагу, і ногі зараз мерзлі, і сам я мерз у адным споднім, толькі сэрца тахкала, як заведзенае. Я баяўся, каб яно не зазвінела, як будзільнік. Тады мне канец. Я схапіўся аберуч за сэрца, сціскаючы яго, каб яно перастала так шалёна грукацець, бо магло, як тая міна, узарвацца… І тут я пачуў крокі і галасы, што належалі, няйначай, паліцаям. Яны проста праходзілі міма, ды раптам спыніліся ля майго схову; я затаіў дыханне, стараючыся не дыхаць, аднак у мяне нічога не атрымоўвалася. «Бобікі» закурылі, абмяркоўваючы сённяшнюю аблаву і пазіраючы на хату, у якой, па ўсім відаць, яшчэ не паспелі «пагаспадарыць».

      Я чыхнуў. Два разы запар.

      Паліцаі насцярожыліся, наблізіліся да будкі. Я спадзяваўся, што яны не пачуюць, але… мой позірк сустрэўся з позіркам аднаго з «бобікаў». У апошнюю секунду я дзіка закрычаў, у сваю чаргу, закрычалі і «бобікі», выцягваючы мяне са схову.

      – Юдын? – невядома адкуль узяўся даўганогі немец з вялікім носам, як у Бураціна.

      – Юдын, пан афіцэр, юдын, – зларадна ашчэрыўся паліцай, які выцягваў мяне з будкі. – Шчанём прытварыўся.

      Далей нейкі туман і каша ў галаве, хаця мяне не