Мікола Адам

Шоўк (зборнік)


Скачать книгу

не паспелі прыняць) і недаедзены бутэрброд «Вернісаж», што паспеў за доўгай размовай з гарачага ператварыцца ў халодны, як у казцы. Зноў казка, чорт яе бяры! Трэба ж было Насці паабяцаць, што дзеля яе я ператвару ейнае жыццё ў казку! Ага, зараз! За якія сродкі? Хаця Андрэй кажа, што ў Мінску працы хапае. Гэта дзеля таго, каб супакоіць мяне, бо работу, хоць якую-небудзь, мне абавязкова трэба знайсці. Іншая справа, што праца, якой у Мінску хапае, не аплочваецца той сумай, якую я маракую атрымоўваць. Ад сябравых слоў знікае ўсялякае жаданне працаваць, не ў тым сэнсе, што я не буду больш ніколі пісаць, а ў тым, што я не маю ніякага жадання і задавальнення совацца ў якую-небудзь дзяржаўную ўстанову. Маўляў, вось ён я ўвесь, бярыце мяне на работу. А што я магу ім прапанаваць з трыма курсамі ўніверсітэта і танюткім зборнічкам вершаў? «Я – беларускі пісьменнік» – гучыць, вядома, але бурчыць у жываце. І хочацца, і колецца, як кажуць. Ды так мяне і прымуць, як жа… чакаюць з распасцёртымі абдымкамі. Ашчаслівец!.. Ды пайшло яно ўсё да такой-та мацяры! Ну, беспрацоўны я, ну дык што? Затое ў мяне каханне ёсць, якое ні за якія грошы не купіш. Андрэй нават зайздросціць мне і з гэтае прычыны дае прачуханца, бо я вякнуў, што, відаць, кіну Насцю, хоць гэта будзе вельмі цяжка зрабіць; таму што грошай няма і не будзе, а маляваць іх я не ўмею. Безумоўна, гультай. Іншы неяк выкруціўся б, а мне ніяк не ўдаецца. Дык Андрэй і ўшчувае, што перастане паважаць мяне, калі я так зраблю. Ды не зраблю я нічога такога ніколі, а думаць жа нікому не забаронена. Я і не слухаў ужо Андрэя. Ён сам хоць здагадваецца, пра што гаворыць, пляце штосьці пра Міхалкова, Меньшыкава, Галівуд?.. Якога ражна? Ды хай гаворыць, бо я далёка ад яго прамоў. Я зараз з Насцяй, якая марудна-марудна здымае калготы, як абгортку з марожанага-эскімо, паволі праводзіць гарачай рукой па голых клубах, затым скідае кашулю і застаецца ў адных трусіках і станіку. Я ўжо даўно распрануты (Насця пастаралася) і чакаю яе, лежачы ў ложку, захінуты да грудзей коўдрай. Але не ў гэтым справа. Трэба толькі адзначыць, што раніцай я прапанаваў Насці выйсці за мяне замуж. Так і сказаў: «Давай пажэнімся». Яна доўга на мяне пазірала, як на нейкае дзіва, але нічога не сказала і ўнікала размовы наконт маёй прапановы цэлы дзень. Адно ўвечары, калі ў мяне не было ніякага жадання выходзіць куды-небудзь з цёплай утульнай кватэры, Насця раптам пацягнула мяне за руку да дзвярэй, зачыненых на шпінгалет. На ключ удзень я рэдка калі замыкаўся, толькі на ноч. Я на самай справе не ведаў, чаго яна пацягнула мяне да дзвярэй, адрываючы ад работы. Колькі ўжо часу я нічога не пісаў, – і вось цяпер з’явіліся думкі, якія неабходна было занатаваць. Аднак Насця начапіла мне на галаву шапку, якую я і зімой ніколі не насіў, і зняла з вешалкі куртку.

      – Мы некуды ідзем? – спытаўся я, нічога не разумеючы.

      Насця не адказала. Яна ўвабралася ў сваю чорную скуру раней, чым я зашпіліў маланку на сваёй. Затым адчыніла дзверы, выпхнула мяне на калідор і загадала выклікаць ліфт. Зачыніўшы дзверы, Насця ключ мне не аддала, а схавала ў сваю сумачку.

      І па дарозе да тралейбуса, і ў тралейбусе, і пасля,