Мікола Адам

Шоўк (зборнік)


Скачать книгу

нетаропкай хадой, паварочвала ў лесапарк, каб падоўжыць шлях, марыла па дарозе пра якую-небудзь выпадковую сустрэчу, якая перавярнула б жыццё. Але ніхто не сустракаўся, ды і не мог сустрэцца ў прынцыпе. Мястэчка маленькае, усе адзін аднаго ведалі, і ўсе былі занятыя, у сэнсе – мужчыны, вольных не было, нават самых горкіх п’яніц. Святлана бачыла толькі маладыя пары ды старшакласнікаў, што нясмела сядзелі на лаўках і гэтак жа нясмела тыкаліся, як сляпыя кацяняты, адно адному ў насы ў пошуках вуснаў.

      Яна прыходзіла дамоў, уключала тэлевізар, гатавала вячэру прыхапкам. Потым выключала тэлевізар, брала кніжку ў рукі і чытала, пакуль сон не ўкрываў яе з галавой, нібы коўдрай. І так кожны дзень. Сумна і прыкра.

      А ўчора яна пагадзілася скласці кампанію сяброўцы і каляжанцы па працы Наташцы Цыбульскай. Тая выкладала інфарматыку, любіла танцы і кампаніі. Яна і паклікала Святлану ў рэстаран, адзіны на ўвесь горад, тым больш і нагода была. Па-першае, выходны, а па-другое, прафесійнае свята – Дзень настаўніка.

      Натуральна, Святлана доўга думала, перш чым пагадзіцца.

      Яна выйшла раней з дома, стаміўшыся ад чакання, лепш прайсціся, хоць да рэстарана ісці было хвілін пяць. Ён знаходзіўся на невялікім узвышэнні праз дарогу. Адлегласць Святлана пераадолела за тры хвіліны, пастаяла ля ўвахода, але не зайшла, нерашуча тузанула за ручку дзвярэй, тыя ледзь прыадчыніліся, стрыманыя тугой спружынай, і зноў зачыніліся.

      Святлана аддзёрнула руку і імкліва закрочыла назад, да свайго дома. Няправільна гэта – хадзіць у рэстаран адной, без суправаджэння мужа ці мужчыны. Што людзі падумаюць? Яна ў рэстаране была ўсяго некалькі разоў, і то ў маладосці, у вялікім горадзе, калі вучылася яшчэ. Там яе ніхто не ведаў. Усе займаліся сабой ці сваімі спадарожнікамі. А ў мястэчку заўтра ж папаўзуць чуткі і абвінавацяць невядома ў чым…

      Святлана падыходзіла да пад’езда, калі зазвінеў тэлефон. Гэта Наташка правярала, ці сабралася: калі сабралася, то яе, Святлану, чакаюць, хай не затрымліваецца, таму што без яе ў рэстаран ніхто не ўвойдзе.

      Яна хацела запярэчыць, сказаць, што не зможа прыйсці, што захварэла, але не паспела. Наташка хутка адключылася. Адтараторыла і знікла.

      Святлана зноў накіравалася ў рэстаран. Наташка не падманула.

      Калегі па працы, усяго восем чалавек, усе жанчыны, за выключэннем аднаго мужчыны-«трудавіка», штосьці весела абмяркоўвалі. «Трудавік» курыў убаку, таму Святлана не адразу яго заўважыла.

      Наташка аслупянела, калі ўбачыла сяброўку, захоплена пляснула рукамі.

      – Прыгажуня ты наша! – Падышла, пацалавала, як гераіня яе любімых серыялаў, чаго ніколі не дазваляла сабе на працы. І гэта зразумела. Школа ўсё-ткі.

      – Шыкоўна выглядаеш! – далучыліся да Наташкі астатнія, а «трудавік» аж прысвіснуў.

      Ніяк асабліва Святлана не апраналася і не фарбавалася. Зачасала валасы назад, падвяла цені, падрэтушавала вусны, апранула бручны касцюм, пад пінжак – белую шаўковую блузку і чырвоны мужчынскі