аднойчы я рашуча сказаў самому сабе: з гэтым трэба нешта рабіць. Я перастаў глядзець расейскае тэлебачанне і слухаць расейскае радыё, кінуў чытаць расейскія кнігі, часопісы ды газеты (толькі ад «Литературной газеты» не змог адмовіцца) і нават дзе ні йшоў, дык рускія надпісы на шыльдах перакладаў для сябе на беларускую мову… Нічога не дапамагала. Што і натуральна. Нельга навучыцца плаваць, не скочыўшы ў рэчку. І тады я абвясціў сваім сямейнікам: не дзівіцеся, заўтра пачну размаўляць у хаце па-беларуску.
Каб вы адно ведалі, як назаўтра яны рагаталі з маёй беларускай мовы… Але не надта доўга рагаталі. Бо адна рэч дзіцяці навучыцца хадзіць упершыню, а другая – хвораму на летаргію ўстаць на ногі. Тут галоўнае не саму хаду ўспомніць, а каб жаданне рухацца вярнулася.
Праўда, яшчэ ладны кавалак часу я хоць ужо і гаварыў на людзях «мовай», але насамрэч толькі перакладаў сам сябе з рускай. Напачатку гэта мяне не моцна турбавала, бо меркаваў, што жывая практыка ўласным чынам усё верне на свае месцы. Толькі час ішоў, а нічога не мянялася, пакуль я не зразумеў, што нічога і не зменіцца, калі я не схілю сябе думаць па-беларуску.
А як схіліў – дык усё адразу і склалася.
Аднак, як высветлілася пазней, тады ў сваім аптымізме я трохі запабёг наперад. Мінула колькі год, я нязмушана думаў, пісаў, размаўляў і спрачаўся пабеларуску, і ўвогуле ўжо даўно забыўся на мову як на ўласную праблему…
І вось аднойчы я прачнуўся яшчэ да відна і ніяк не мог заснуць, бо мяне непакоіў мой сон. Ён быў нічым не адметны, але спаць замінаў. Я доўга муляў бакі, спрабуючы зразумець, у чым тут прычына, пакуль не згадаў, што ў тым сне і я сам і мае інфернальныя хаўруснікі размаўлялі па-беларуску.
Я шчасліва заўсміхаўся ў цямрэчы. Вось і скончыўся твой шлях да мовы! Бо калі на ёй ужо загаварыла тваё падсвядомае – дык далей няма куды.
Я апошні раз перакуліўся на другі бок і адразу заснуў.
Тое, што мова насамрэч месціцца не на языку і нават не ў галаве, а ў спратах падсвядомага, я ў каторы раз пераканаўся, калі, наноў збеларушчаны, атрос ад пылу і пагартаў свае апавяданні і аповесці, напісаныя яшчэ па-руску. Навонкі тыя пісанкі мелі, здаецца, усё, што патрэбна мастацкаму твору, толькі цяпер я ўжо бачыў: яны як фанера – штучна склееныя, шурпатыя і плоскія. Яны не дыхалі, і ў іх не было глыбіні. Бо пісаліся мовай, якую засвоіла мая галава, але якой не было ў маім падсвядомым. Руская мова не мела сабе апірышча ў маёй генетычнай спадчыне, у глыбінях тых стагоддзяў, якія пералічылі мне на рахунак мае продкі. І таму ёю можна было толькі называць, але нельга было называцца. У чужой мове няма твайго імя…
Кожны з нас, хто сам сябе вучыў беларускай мове, быў пакліканы да навукі з нейкіх апрычоных матывацыяў. І ніхто за іншага не скажа, чаму ён гэтак зрабіў і што з сваёй навукі мае. Асабіста я з яе прыдбаў сабе лёс (да гэтага меў адно долю). І не толькі таму, што лёс кожнага літаратара перадусім знітаваны з мовай (ужо ж напэўна зусім іншымі былі б шляхі Купалы ці Брыля, каб яны пісалі па-польску, а Някляеў альбо Дранько-Майсюк