штучнай, паколькі тады я ўжо быў захоплены не тым, што ёсць, а тым, чаго няма. Нават не, не захоплены – я быў зачараваны феноменам няма. І таму мяне цалкам абыходзіла ўсё, што было нароблена раней. Дый як магло быць іначай, калі я нарэшце намацаў свой аўтэнтычны дыскурс – метафізіку адсутнасці. Побач з велічнай тайніцай Нішто ўсё астатняе выглядала такой драбязой, што нават недарэчна было звяртаць на гэтае «астатняе» хоць якую ўвагу. Праўда, адна ранейшая вярэда ніяк мяне не пакідала – гэта Беларусь. Аднак і Беларусь цяпер турбавала не столькі як эмацыйная, колькі як інтэлектуальная праблема, якая для свайго развязання патрабавала не вобразаў, а рэфлексій.
Між іншым, яшчэ да таго, як я намацаў свой аўтэнтычны дыскурс, сам сабою знайшоўся цалкам тоесны мне жанр – эсэ. Напаткаўшы эсэ, я адразу зразумеў: і кшталт майго жыцця, і спосаб майго мыслення заўсёды былі наскрозь эсэістычныя. Гэтая сустрэча сталася, безумоўна, удачай, бо далёка не кожнаму літаратару выпадае патрапіць менавіта на свой жанр.
Далей, што б я ні пісаў (артыкул, канферэнцыйны выступ ці філасофскі трактат) – у мяне ўсё роўна атрымлівалася эсэ. Яны і склалі мае першыя тры кнігі («Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», «Разбурыць Парыж» і «Код адсутнасці»). Больш за тое, апошнюю кнігу «Код адсутнасці».
Вось чаму ў мяне нават у думках не было хоць калі вяртацца да сваіх показак і прыпавесцяў, а тым болей пачаткаваць імі яшчэ адну кніжыцу. Але чалавек жыве залішне доўга, і з гэтага яму не хапае вачэй, каб пабачыць, што будзе з ім за даляглядам.
Чалавек жыве залішне доўга. Я паступіў у інстытут у дваццаць пяць год, пабраўся шлюбам, здаецца, у трыццаць тры гады, прафесійна пачаў працаваць у літаратуры пасля сарака. Цяпер мне пяцьдзесят пяць, а я паспеў ужо і нажыцца, і выгадаваць дзяцей, і зрабіць у літаратуры значна болей, чым калісьці марыў (апошняе зусім не азначае, што я зрабіў у літаратуры шмат, аднак стасоўна юнацкіх мараў і часткі майго сённяшняга наробку было б даволі, каб пачувацца конча шчаслівым бажаволкам).
Дарэчы, тут нехта напэўна запярэчыць: маўляў, юнацкая мара не можа быць крытэрыем ні пражытага, ні здзейсненага. Магчыма… Але асабіста я не ведаю, што можна супрацьпаставіць гэтаму крытэрыю. Кажаце: ацэнкі крытыкаў, грамадства, урэшце, сябе самога сённяшняга… Не, усё гэта не ўяўляецца мне вартай мерай, раўнуючы юнацкую мару.
Дык вось, калі заданне юнацтва было выкананае, я зразумеў, што далей усялякае астатняе не мае асаблівага значэння. Бо чаго б ты яшчэ ні нагрувасціў – усё гэта ўжо факультатыў. Тое, што можа быць, але гэтаксама можа і не быць.
Як толькі я запэўніўся, што сваё юнацкае заданне ўжо выканаў, дык мне натуральна закарцела зазірнуць у спод апошняй шуфлядкі, дзе марнаваўся покатам той жыццядайны кантэкст, у якім спраўдзілася мая мара. Надзіва для самога сябе я пачуўся ўтульна ў тым, здавалася, назаўжды страчаным кантэксце, і больш за тое, гартаючы добра пажоўклыя старонкі, спакваля пачаў усведамляць, што, зрэпрэсаваны вонкі, ён зусім не знік дазвання, а ўсяго толькі перабёг