Валянцін Акудовіч

Дыялогі з Богам (зборнік)


Скачать книгу

далей.

      Так, нас было шмат і мы былі разумныя, а ён быў адзін і дурны, як варона, але ўпотайкі кожны з нас здагадваўся, што ўсе мы разам – толькі рэха ягонага суму.

      – Трэба пайсці да яго і запытацца, што яму ад нас патрэбна, – аднойчы сказаў нехта.

      І мы пайшлі і запыталіся, а ён адказаў:

      – Каб у пару забуяла бульба.

      – Хіба ад нас залежыць, у які час радзіць бульбе?

      – Тады навошта вы?

      – Каб нас было шмат.

      – Дзён таксама шмат, але што з таго?

      – З дзён і людзей складаецца жыццё. Хіба ты гэтага не ведаў?

      – Я ведаю адно: зранку трэба ісці на поле, а вечарам дахаты, дзе ў ліпах гудзе сум.

      І мы не знайшліся, як тут яшчэ запярэчыць чалавеку, у якога ёсць свой сум і непазбыўны клопат, каб у пару забуяла бульба.

      Першае каханне

      Мы і перажагнуцца не паспелі, а Богусь ужо сядзеў на чырвоным даху касцёла. Аднак гэтага яму падалося мала, і ён усцягнуўся на самы крыж.

      Першы анёл, які вяртаўся (мяркуючы па стомленых рухах) аднекуль здалёк, толькі прабуркатаў незадаволена: «Што, іншага месца не знайшлося?», а другі, яшчэ зусім маладзенькі, аж аслупянеў, убачыўшы Богуся. Анёлак стаяў слупам у паветры і лыпаў вачыма.

      – Гэй, ты, лупавокі, – закамандаваў Богусь, – злётай у вёску па Маню.

      Маня хутка прыбегла і, нічога не пытаючыся, засакатала, як сячкарня:

      – Дурны ты, Богусь! Каб меней піў гарэлкі, а болей чытаў кніжак, дык ведаў бы, што першае каханне існуе не дзеля таго, каб закаханыя бралі шлюб, а каб потым усё жыццё з замілаваннем успамінаць тыя шчаслівыя хвіліны…

      – Хай сабе, – толькі й адказаў Богусь.

      – Ну, калі ты гэткі дурны, дык і сядзі сабе тут, як варона, – раззлавалася Маня і пашыбавала дахаты, адкуль хутка з’ехала вучыцца ў горад. Але замуж яна так ніколі і не выйшла, бо ў яе, як потым выявілася, былі надта валасатыя ногі, а на той час якраз прыспела мода на голыя лыткі. Калі тая мода скончылася, Маня была ўжо старой дзеўкай, і ёй больш нічога не заставалася, як усё жыццё з замілаваннем успамінаць сваё першае каханне. А Богусь дасюль не злез з даху. Тырчыць там ці як укрыжаваны, ці як варона, і мы ўсе (і анёлы, і людзі) даўно ўжо з гэтым звыкліся. Бо калі тое было – мода на голыя лыткі.

      Джамалунгма

      А цяпер я распавяду пра чалавека, які марыў стаць Джамалунгмай. «Вось каб я быў Джамалунгмай, – разважаў гэты чалавек, – дык пра мяне чулі б нават пінгвіны на Алясцы».

      Вядома, калі чалавек чаго захоча і будзе хацець доўга, то ягонае жаданне некалі спраўдзіцца. Аб гэтым кажуць яшчэ ў школе, а ў школе абы-чаго плявузгаць не будуць…

      Урэшце так яно і атрымалася. Аднойчы раніцай адразу за мястэчкам мы ўбачылі нешта такое, ад чаго капелюшы паляцелі з галоў.

      Як потым засведчылі вучоныя, наша гара была нават на некалькі сантыметраў вышэйшая за Джамалунгму, і пра Джамалунгму хутка ўсе забыліся, бо яна ўжо не лічылася паперадзе ўсіх.

      З тае пары самыя дужыя мужчыны свету (і нават сёй-той з пінгвінаў) едуць да нас, каб адсюль ускараскацца на нябёсы. Мала каму з іх шанцуе дапнуцца