трэба саромецца. Я гэтага аніяк не разумею. Тым болей, што інакш мы і не можам. Калі ў каго карак вызваліцца надоўга, дык ён нудзіцца, не ведае, навошта жыць, і нават, здараецца, вар’яцее.
Натуральна, я не мог ухваліць тыя настроі, што раптам запанавалі сярод надта сарамлівых. Пакідалі работу і крычаць на кожным рагу: досыць зневажаць сябе перад усім светам!
– Толькі таму свету і спраў углядацца, хто там сябе зневажае, – кажу я ім.
А яны мяне не слухаюць і, дзе ні сустрэнуцца, распачынаюць дыскусію. Адзін прапаноўвае сланоў з Індыі завезці, каб замежныя аматары не на нашых карках, а на слановых гойсалі, другі раіць шыі намыльваць – маўляў, хто ні сядзе, дык адразу скоціцца, а нейкі аграном з Капыля дадумаўся: на галовах, кажа, трэба хадзіць.
– Смеху варта такая дыскусія, – кажу я ім. – На сланоў адкуль грошай набрацца, шыі ў нас і без таго чужымі азадкамі адпаліраваныя, а што да галавы, дык мы спрадвеку дагары нагамі ходзім.
Сказаў так і пайшоў ад іх. А тут якраз па дарозе крамка, дзе павелічальныя шкельцы прадаюць. Я ўсцешыўся, не пашкадаваў грошай і подбегам да аднаго – прозвішча называць не буду, вы яго ўсе добра ведаеце. От жа чалавек! Не шкадуючы Бог розуму адваліў. Пра што ні запытайся, на ўсё адказ мае. Прафесар, адным словам.
Заходжу і адразу:
– Дыскутуюць, – кажу.
– Як яшчэ лаўчэй нахіляцца? – узрадаваўся прафесар.
– Ды не. Выпрастацца хочуць.
– Не можа быць…
Вялікі чалавек, а тут разгубіўся. Абхапіў галаву і бегае па стале, як ашпараны прусак. Я шкельца пад вока падсунуў і сачу, каб прафесар ад хвалявання не зваліўся на падлогу.
– Не можа быць, – мармыча. – І жменяй скублі, і па каліўцу шморгалі. Са стагоддзя ў стагоддзе скублі, з года ў год шморгалі. Адкуль гонар?
– Ды не ад гонару, – удакладняю. – Ад сораму. Апошнія мае словы настолькі ўразілі прафесара, што ён, Богам прызначаны адказваць, запытаўся:
– А гэта што такое?
– Халера яго ведае!
– От жа і я так думаю, што гэта не навуковая субстанцыя, бо па навуцы ніяк не выходзіць выпрастацца.
І пабег далей.
Шкада мне зрабілася прафесара. Ну колькі яго засталося, на два разы ў сральню схадзіць. Амаль усяго сябе аддаў чалавек справе, і на табе…
Абгарадзіў я стол, бы мурам, важкімі кнігамі са збору класіка жменяй скубсці і па каліўцу шморгаць, уздыхнуў засмучана і ўжо збіраўся развітацца, як нечакана прафесар ускараскаўся на небяспечную вышыню аднаго з фаліянтаў ды крычыць:
– І хай сабе! Як выпрастаюцца, дык лаўчэй будзе і жменяй скубсці, і па каліўцу шморгаць.
– Прафесар, трымайцеся, – залямантаваў я ў адказ.
Ледзьве паспеў. Злавіў прафесара ўжо ля самай падлогі, і то адно таму, што добра натрэніраваны нахіляцца.
Аднёс прафесара ў ложак, а сам пайшоў.
Іду па вуліцы і разважаю: ад вялікага сораму да пыхлівага гонару адзін крок.
Як у ваду глядзеў.
Неўзабаве абганяе мяне адзін з тых, надта сарамлівых.
– Куды, – пытаюся, – бяжыш?
А ён, з падскокам, адказвае:
– Бягу