«ён стаецца», а «ім стаюцца» шматлікія аб’ектнасці свету, якія падчас ягонага бытнавання накладаюцца сваім цяжарам на першапачатковы біялагічны код і тым самым арганізуюць тое, што чалавек залішне самаўпэўнена называе «Я».
Калі што і застаецца ў я-чалавеку ўласна яго, чалавечым, дык гэта мера здольнасці прымаць і ўтрымліваць у сабе разнастайныя феномены існага. Але якраз у звязку з абмежаванымі магчымасцямі я-чалавека быць адкрытым для быцця існага, мы, бадай, можам казаць пра я-чалавека як пра вынік скажэння аб’ектнасцяў існага, што не могуць выявіцца ў чалавеку ў сваёй паўнаце. Чалавек не «мера ўсіх рэчаў, існуючых, што яны існуюць, неіснуючых – што яны не існуюць» (яшчэ раз працытуем Пратагора), а камбінацыя скажэнняў усяго як існуючага, так і неіснуючага. Вось гэтая сублімацыя скажоных (усё абсечанае, няпоўнае – ёсць скажоным) аб’ектыўнасцяў рэальнага свету і ёсць тым, што мы называем экзістэнцыяй, гэта значыць, уласна чалавечым асобнага я-чалавека.
Я-чалавек – адмысловая канфігурацыя дэфармаванай аб’ектнасці свету. Накладаючы сябе як скажоную меру на рэальнасць, я-чалавек атрымлівае не адэкватную ні рэальнасці, ні самому сабе карціну. Мабыць, адсюль адна з прычынаў пракаветнай роспачы я-чалавека, які з гэтага ніяк не можа зарыентавацца ў гушчары быцця і таму застаецца разгубленым сам-насам.
Сам-насам з тым, каго няма.
Не было. Няма. Не будзе
Я-чалавек не можа сам з сябе аб’явіцца.
Я-чалавек не можа адбывацца сам у сабе.
Я-чалавек не можа быць сам сабой.
Я-чалавека няма. Ёсць своеасаблівае ўтварэнне самых розных праяваў быцця існага на прасторы я-чалавека. Гэтае ўтварэнне, індывідуалізаванае пэўнай экзістэнцыяй, натуральна, неяк павінна пазначацца, мець сваю семантычную марку, але традыцыя надання значэнняў саматоеснасці і самадастатковасці, а тым болей сакральнасці гэтаму ўтварэнню, здаецца, абумоўленая ўсяго толькі неабачлівым пераносам сінкрэтычнай цэласці знака на ўсю тую шматсэнсоўнасць, што ім пазначаецца.
Я-чалавек не належыць сам сабе, ён уласнасць шматлікіх рэальнасцяў, якія паходзяць з розных вымярэнняў быцця існага (нельга выключаць, што нейкім сваім акрайчыкам кранаецца чалавека і «трансцэндэнтнае вымярэнне», з чаго і паўстаюць рэфлексіі містычнага кшталту) і на пэўны момант гуртуюцца на прасторы я-чалавека, кожная, як на сваёй уласнай прасторы, адпаведна магчымасцям канфігурацыі менавіта гэтага я-чалавека.
Разуменне я-чалавека як прытулку розных «стыхіяў» (першапачаткова самых простых: вада, зямля, агонь, паветра…) сфармавалася ўжо на самым пачатку асэнсавання феномену чалавека, і канцэптуальна яно пасюль застаецца нязменным, адно мяняліся складнікі ды акцэнты – з «ідэалістычных» на «матэрыялістычныя» ці наадварот.
Разам з тым, за выняткам зацятых матэрыялістаў (і ў старажытнасці, і потым), што канцавалі я-чалавека сумай тых «стыхіяў», якія ў ім апазнаваліся, – усе астатнія вышуквалі яшчэ нешта звыш «стыхіяў», каб праз гэтае