не выпадае кудысьці рухацца, паколькі рух часу абумоўлены пераходам быцця з няма ў ёсць, а тут усё, што можа быць, ужо ёсць, прынамсі ёсць у магчымасці ведання я-чалавекам семантыкі ўсяго, што можа быць і што будзе… Сфінкс засмяяўся і час сканаў…
Натуральна, гаворка тут ідзе не пра біялагічны час і не пра час узнікнення і распаду формаў матэрыяльнасці, якія, бадай, ніколі не ўнікнуць лінейна-часавай паслядоўнасці, а пра спыненне руху часу ў прасторы а-рэальнасці, якая рана ці позна семантычна цалкам асягне ўсё, што можа быць у існым, – і на мапе быцця не застанецца белых плямаў.
Веданне пра «ўсё быццё», пэўна ж, не адменіць уласна жыцця, руху падзеяў, бясконцасць чаргі нараджэнняў (і скону), але, як у эру Татэму, верне я-чалавека да звычайнага адбывання быцця, якое ідэалагемна ўжо не зможа нічым правакавацца.
Гэтаму вяртанню да я-чалавека без ідэі чалавека (міфа пра чалавека) будзе папярэднічаць, недзе супадаючы, некалькі найістотных падзеяў. Адна з іх досыць выразна пачынае праяўляцца ўжо сёння, пра што шмат дзе казалася – у гэтым тэксце таксама.
Усё істотнае (у метафізічным сэнсе), што магло быць прадумана – прадумана, выяўлена і прылучана да эйдычнага суплёту ідэяў. Таму мысленне ўжо амаль нічога не азначае, тым болей існавання. Хто сёння ўсур’ёз скажа: я мыслю, значыць я існую?! Урэшце, амаль мысліць ужо і «тэхна»…
Але калі пра «мяжу розуму» было сказана даволі, дык праблема «мяжы жаданняў» дасюль застаецца па-за належнай увагай, хаця яна куды болей значыць у праблеме я-чалавека, бо і самое мысленне – гэта толькі адна з формаў жадання, жадання мысліць.
Жаданнем, аб’ёмам і кшталтам «хачу» я-чалавека вызначаецца сутнасць і змест ягонага быцця-для-сябе, як называў чалавека Сартр. Заўважым, не «магу», а менавіта «хачу» адыграе ў гэтым заканадаўчую ролю. Я-чалавек можа толькі тое, што ён хоча (нават калі ён не можа дасягнуць таго, чаго ён хоча). Памкненне да здзейсненасці жаданняў рухае махавік быцця-для-сябе.
Хачу я-чалавека – модус, разгортванне якога ў бок здзяйснення абумовіла фармаванне цывілізацыі. Віртуальная эра – завяршэнне гэтага разгортвання, форма максімальнага забеспячэння хачу здзейсненасцю як на фізіялагічным, так і на духоўным узроўнях.
Дарэчы, жаданні я-чалавека адно здаюцца бязмежнымі, насамрэч іх патэнцыял не такі ўжо і вялікі. Быційна ён вызначаецца патрэбай забеспячэння сябе існаваннем ды самім сабой, а пабытова вельмі рэдка сягае далей запатрабаванняў фізіялогіі і ўяўленняў я-чалавека пра неабходны яму матэрыяльна-духоўны інтэр’ер. Таму належны ўзровень дабрабыту і мабільныя структуры камунікатыўнага дыскурсу ўжо сёння дазваляюць «залатому мільярду» задавальняць сваё хачу амаль напоўніцу. Натуральна, калі не блытаць хачу як экзістэнцыйную патрэбу з фантазіямі на тэму «хачу». Я-чалавек можа мроіць пра валадарства над Сусветам, але з гэтага зусім не вынікае, што ён рэальна жадае хоць якога валадарства.
Карацей кажучы, у Віртуальную эру хачу як праблема пакрысе будзе губляць