Алесь Аркуш

Захоп Беларусі марсіянамі


Скачать книгу

яе вывучаць. Ён прачытаў усё да канца і нават надпіс на пячатцы агітацыйна-прапагандысцкага аддзелу Віцебскага акружкаму.

      – Вот и отлично, – сказаў рэдактар, – нам как раз нужна помощь. Мы ждали вас. Нам звонили из Витебска. Сейчас я вам напишу бумагу, чтобы вас поселили в общежитие. Это тут рядом. Володя вас проведёт.

      Рэдактар пачаў пісаць паперу з просьбай пасяліць новага працаўніка газэты.

      Дудар устаў з крэсла і падышоў да вакна. На вуліцы ўжо шарэла. Сонца нясьпешна кацілася за званіцы вялікага сабору, які стаяў на другім баку пляцу.

* * *

      Васіль Кроква быў фрылансэрам – пісаў для некалькіх газэтаў. Гэта дапамагала яму ўтрымліваць сям’ю. Занятак літаратурай у Беларусі ў ХХІ стагодзьдзі амаль не прыносіў прыбытку. Гэта, хутчэй, было пакліканьне. Беларусь заўсёды трымалася на літаратуры і паўстала зь літаратуры. Прыкладна так лічыла большасьць беларускіх пісьменьнікаў. Васіль Кроква пісаў, бо ня мог не пісаць. У літаратуру ён прыйшоў як паэт у далёкія студэнцкія гады. Але калі ён сур’ёзна пасталеў, дык адчуў, што мусіць ствараць вялікія празаічныя творы, каб было прасторна ягоным думкам, якія шчодра раіліся ў ягонай галаве. Кроква ніколі не арыентаваўся на нейкія моды, запатрабаваньні выдаўцоў або на патрэбу замежнага чытача. Ягоныя раманы былі гермэтычныя і скіраваныя выключна на беларускую аўдыторыю. Замежнікам яны былі б зусім не зразумелыя. Таму Кроква цураўся модных літаратурных тусовак і хаваўся ад усяго сьвету ў ціхамірнай правінцыі. Пасьля сканчэньня ўнівэрсітэту ён адмыслова ўзяў разьмеркаваньне ў Полацак. Тут ён стварыў сям’ю, стаў журналістам і напісаў свае лепшыя літаратурныя творы.

      Кроква верыў у свой лёс. Лёс трэба вычуваць і не імкнуцца рабіць тое, што табе не наканавана. Васілю здавалася, што калісьці, у іншым жыцьці, ён ужо жыў у Полацку. Кроква быў перакананы, што ў нейкіх таемных куточках яго мозгу захоўваюцца ўспаміны пра гэта. Часам яны фрагмэнтарна адкрываліся ў начных відзежах. Таму ён вельмі сур’ёзна ставіўся да сноў. Толькі ў адрозьненьне ад традыцыйнага іх успрыманьня, як нейкага зашыфраванага прадказаньня будучыні, Кроква бачыў у снах напамін пра мінулыя падзеі, якія нікуды не зьнікаюць, а дзесьці існуюць у іншай рэальнасьці.

      Сон, у якім ён сустрэўся з Ластоўскім, выбіваўся са звыклага ўспрыняцьця сьненьня, да якога звыкся Васіль. Ластоўскі ня быў зь мінулага. Гэта абсалютна дакладна зразумела Крокве. І пры чым тут марсіяне? Ніякіх больш-менш сэнсоўных тлумачэньняў сну Кроква не знаходзіў.

      Васіль дзеля цікавасьці схадзіў у мэрыю, наведаў аддзел капітальнага будаўніцтва, дзе ўзяў інфармацыю пра ўзьвядзеньне новага супэрмаркету ў мікрараёне Аэрадром, дзе ён жыў. Мэрыя была такая ж самая, як ўчора і пазаўчора. Ніякіх сьлядоў пажару на будынку не было. Кроква нават пашукаў месца, адкуль ён з Ластоўскім аглядаў будынак мэрыі. Але такога месца не існавала ў прыродзе. Бо калі глядзець на будынак з праспэкту Францыска Скарыны, то бачны толькі адзін бок мэрыі, а ня ўвесь будынак.

* * *

      Уладзік Скуратовіч аказаўся добрым хлопцам. І пакуль яны разам