Алесь Аркуш

Захоп Беларусі марсіянамі


Скачать книгу

у тым ліку і сталічныя, пра будаўнічае барбарства, але дамогся адно таго, што ўсе гэтыя «спадарожныя знаходкі» будаўнікі хуценька прыбралі. Пакінуўшы, незразумела чаму, толькі два надмагільныя помнікі – адзін нейкаму стацкаму саветніку Пагодзіну, другі – маладой палачанцы, якая пайшла з жыцьця ў 18-гадовым узросьце. Гэтыя помнікі яшчэ некалькі гадоў ляжалі побач з новай дарогай. Затым і яны некуды зьніклі.

      Праваслаўныя Міхайлаўскія могілкі зруйнавалі саветы ў 30-х гадах, калі пашыралі полацкі аэрадром. Зраўнялі зь зямлёй ня толькі магілы, але і саму Міхайлаўскую царкву, якая месьцілася пасярод старых кладоў. Самалёты з савецкімі зоркамі на крылах і фюзэляжах узьляталі тут проста над трунамі, косткамі і надмагільнымі помнікамі.

      Кроква паспрабаваў гэта ўявіць – і па ўсім яго целе пабеглі нэрвовыя мурашы. Ад старых жыхароў Запалоцьця ён неаднойчы чуў страшныя гісторыі, зьвязаныя з гэтым трагічным месцам. Тут почасту адбываліся розныя жахлівыя здарэньні – забойствы і згвалтаваньні, – і не аднойчы бачылі ўсялякія дзіўныя зьявы. Вось і цяпер найбольш дарожных аварыяў у Полацку здараецца менавіта на гэтым, здавалася б, абсалютна бясьпечным участку дарогі на новы мост.

      «Нешта ёсьць у гэтым сьвеце, што нараджаецца і дзейнічае тысячагодзьдзі, нягледзячы на ўсе грамадзка-палітычныя зьмены і закалоты, – разважаў Кроква, прытуліўшыся сьпінай да камля бярозы. – І, відаць, гэта значна больш істотнае, чым розныя партыі, грамадзкія рухі і аўтарытарныя рэжымы. Хаця, зь іншага боку, менавіта аўтарытарныя рэжымы і пакідаюць пасьля сябе такія жахлівыя анамальныя мясьціны, учыніўшы гвалт і злачынства, парушыўшы сьвятыя традыцыі і запаветы дзядоў».

      Кроква ня быў зацятым антыкамуністам. Ён, хутчэй, прытрымліваўся сваёй тэорыі дабра і зла, сьвятла і цемры. Паводле яго, у кожным асяродзьдзі, сярод прыхільнікаў любых ідэяў і перакананьняў ёсьць сьветлыя і цёмныя людзі, калі не лічыць зусім ужо дэманічных і вар’яцкіх, а такіх Кроква ўважаў проста за небясьпечна хворых. Бо нават сярод нямецкіх акупантаў часоў Другой сусьветнай вайны былі сьветлыя людзі. Адзін з такіх немцаў папярэдзіў дзеда Кроквы, што яго на раніцу арыштуюць, і такім чынам уратаваў усю дзедаву сям’ю, якая ўночы выехала ў партызанскі лес. Уратаваў і яго бацьку, які быў тады малым хлопчыкам, і, атрымліваецца, уратаваў і яго, Крокву.

      Аднак у сваёй тэорыі Васіль ніяк ня мог знайсьці прычыну падзелу людзей на сьветлых і цёмных. Калі казаць, што тут грае асноўную ролю выхаваньне з маленства, то якім чынам здараецца, што браты-блізьняты вырастаюць абсалютна рознымі людзьмі, часам – супрацьлеглымі? Як так атрымліваецца, што сьвятыя айцы і мніхі, якія палову жыцьця правялі ў сумоўі з Богам, раптам зьдзяйсьняюць жудасныя злачынствы?

      Як патлумачыць дзеяньні зацятых вернікаў, калі яны з ахвотай дапамагалі нямецкім карнікам зьнішчаць габрэяў? Падобна, што прычына падзелу на сьветлых і цёмных палягае значна глыбей, а прыкметы прыналежнасьці захоўваюцца, магчыма, у генах. Або людзі не