на вазках і сьціплыя прыгарадныя супэрмаркеты зь сьвежымі пэрсікамі, вінаградам, авакада і з пладамі, якіх вы ніколі ня бачылі нават на малюнках, а таксама яшчэ зь дзесяцьцю тысячамі найменьняў тавару, сярод якога трыста гатункаў цукерак і трыццаць – туалетнай паперы, у тым ліку з зайчыкамі ды з паветранымі шарыкамі.
Бывай, ціхі зялёны куток у прадмесьці, дзе на мяжы капіталізму і сацыялізму абменьвалі шпіёнаў! Калі б цябе звазілі ў заходні сэктар у тваім піянэрскім дзяцінстве зь ягонымі хрушчоўскімі чэргамі па хлеб, ты, магчыма, таксама захацеў бы падацца ў шпіёны, каб цябе калі-небудзь абмянялі на нямецкага, а мо і на савецкага калегу.
Бывай, усходні сэктар! Дзе яшчэ можна было ўбачыць так блізка да зораў беларускага паэта Алеся Разанава, які спакусіў цябе на начны вылаз у былы разьвіты сацыялізм, а па дарозе да Аляксандар-пляцу ўбіўся ў нейкі камуністычны тупік з бруднымі калюжынамі і ў роспачы палез на ржавы жалезны плот, за якім шумеў ручай з зусім свойскім пахам? Дзе яшчэ вы вып’еце кухлік залатога хмелю ў піўбары, кельнэрам у якім служыць былы партбос гарадзкога ўзроўню, якога часам пазнаюць візытанты з Рэспублікі Беларусі, што калісьці пілі з партайгеносэ на партайбанкетах, а цяпер заложна аднаўляюць беларускую дзяржаўнасьць. Кажуць, сустрэўшы знаёмага, гер кельнэр не хавае вачэй, аднак ветліва папярэджвае, што доўга затрымлівацца каля аднаго століка яму забаронена.
Бывай, падобная да праваслаўнай царквы зялёнакупальная турма Маабіт, дзе сядзеў за Гітлерам татарскі паэта Муса Джаліль, а цяпер сядзіць шэф усходненямецкага міністэрства дзяржбясьпекі Эрых Мільке і дзе, як лічаць усе бэрлінцы, з кім ты пра гэта размаўляў, павінен сядзець геносэ Гонэкер. Ён хоча да дачкі ў Чылі, але ж гэта ён доўгімі гадамі не выпускаў твайго перакладчыка былога дысыдэнта Норбэрта Рандава да жонкі й малога сына ня ў Чылі, а ўсяго толькі з аднаго Бэрліна ў другі.
Бывайце, бэрлінскія каналы й самавітая Шпрэва! У вашых водах на вачах у спадара Рандава загінуў ад кулі гонэкераўскага памежніка заходнебэрлінскі будаўнік, які ў скварны дзень, каб трохі асьвяжыцца, даў з прыбярэжных рыштаваньняў зухаватага нырца, што ўсходненямецкае радыё імгненна абвясьціла жудаснай правакацыяй рэваншыстаў.
Бывай, бэрлінская каналізацыя! Па тваіх трубах, пакуль іх таксама не перарэзала жалезная заслона, пайшоў у вольны сьвет сябар твайго спадарожніка і твой калега-літаратар; рукапіс ягонага раману дабіраўся іншым шляхам, каб дайшоў хоць адзін з двух.
Бывайце, фраў Эльке Эрб! Вы таксама пакаштавалі сацыялізму, а таму вам было трохі лягчэй перакладаць зь беларускай вэрсэт пра чужую зямлю, якая робіцца радзімай толькі тады, калі назаўсёды ляжаш у яе.
Бывай, возера Ванзэе зь яхтамі, цеплаходам «Мобі Дык» і павай з Павінай выспы, якая выйшла па-павінаму пасварыцца на цябе, калі ты плыў на «Мобі Дыку» ў Патсдам, дзе ў Сан-Сусі ў атачэньні магілаў сваіх сабак спачывае кароль Фрыдрых II.
Бывай, падобная да невялікага замку віла Літаратурнага калёквіюму