Уладзімір Арлоў

Сланы Ганібала (зборнік)


Скачать книгу

абаронца Айчыны прасіў вас падкінуць яго ў Гомель і вы зь сябрам пасадзілі яго ў сябравы «Жыгулі» і па дарозе дахаты завезьлі пад Полацак, дзе ёсьць вёска, што таксама завецца Гомель, а там вытрасьлі свайго спадарожніка з машыны, падцягнулі да дарожнага паказальніка з назвай ды паехалі замольваць свой грэх у полацкую Сафію.) Аднак сяржантава база стаіць не на тваёй зямлі, сяржант ня лаецца на цябе трохпавярховымі мацюкамі і не абяцае зрабіць танкавую «утюжку» – «только попробуйте рыпнуться», а таму ў праграме дзён беларускае літаратуры ў Нямеччыне зьяўляецца незаплянаваная імпрэза зь сьціплым антуражам у выглядзе двух крэслаў-раскладанак, пляшачкі віскі і дзьвюх плястыкавых чарак. (Дзеля беларускіх спэцслужбаў ты даеш урачыстую прысягу, што мурын Робэрт – або проста Бобі – з Луізіяны не спрабаваў завэрбаваць цябе ў агенты СІА, а ты сам неяк пасаромеўся набівацца.)

      Дзяржаўныя таямніцы Рэспублікі Беларусі ўратавала тое, што ты пакутліва саромеесься свае ангельскае мовы. Зрэшты, з уласьцівым табе полацкім пранонсам ты досыць бойка паведаміў, што your name is Uladzia, што you have the sister and the mother, but haven’t the car and the telephone. (Тут Робэртавы вусны ад вуха да вуха расплыліся ў недаверлівай усьмешцы, – маўляў, так не бывае.) Апрача таго, ты мог бы даволі ўпэўнена пагаварыць зь ім пра дзяцінства Валодзі Ўльлянава альбо адбарабаніць з паўсотні сказаў пра ўсталяваньне савецкае ўлады ў Закаўказьзі. Тэкст пра сімбірскага хлопчыка Вову, што так жорстка адпомсьціў за старэйшага брата, навечна, як цьвік у труну, умалаціла табе ў галаву школьная настаўніца Генрыэта Залманаўна Бляхер, а артыкул пра перамогу бальшавікоў за Каўкаскім хрыбтом ты чатыры ўнівэрсытэцкія гады з сэмэстру ў сэмэстар здаваў ціхай вар’ятцы, якой патрэбныя былі спакой і пэнсія, але якая на сваё ды вашае няшчасьце даводзілася роднай сястрою прарэктару, і таму ты ўдасканальваў сваю ангельскую пад ейным кіраўніцтвам і, калі раптам зьбіваўся ў даўно вывучаным на памяць тэксьце, хор аднагрупнікаў – яны ведалі твой артыкул ня горш, чым ты іхнія, бо здавалі «тысячы» паводле той самай мэтоды – пачынаў суладна гудзець: «джорджыян меньшевікс… арменіян дашнакс… азербайджан мусавацістс…»

      Бывай, бэрлінская аматарка беларускае літаратуры, што ў музэі Бэртальда Брэхта заклікала цябе з калегамі не ўчыняць у Беларусі татарскіх ды жыдоўскіх пагромаў і дазваляць расейцам адчыняць расейскія школы, не ўяўляючы, што апошні за паўсотні гадоў «пагром» быў у Беларусі пазалетась, калі аднае начы – «чтобы не рыпались» – у Менску паграмілі рэдакцыі беларускіх выданьняў.

      Бывай, мілая фраў Гэдвіг Ноак, а па-наску Ядзьвіга, у менскім дзявоцтве – Рымашэўская! Вы, пэўна, глядзелі фільм Кавані «Начны парт’е» й самі ведаеце, што вам выпаў лёс, шчасьлівейшы за лёс кінагераіні, якую гэтаксама пакахаў нямецкі афіцэр, – бо ваш афіцэр не дарыў вам на Каляды адрэзаных галоваў, а выратаваў вас зь лягеру і ўратаваўся ад суду за гэты ўчынак сам, зрабіў вас сваёй жонкаю і стаў бацькам вашага сына. Відаць, і цяпер, у лепшым сьвеце, ён цешыцца, што вам пасьля ўдаўства пашанцавала