з велікакняжацкага двара, які і даў малому прозвішча Вастрабрамскі. Міхал служыў пажам пры Жыгімонту Казіміравічу, старанна хаваючы свае дзіўныя здольнасці. Калі пры двары шторазу часцей пачалі згадваць пра Статут, паж вырашыў уцякаць з краіны. Акурат выпраўляліся паслы ў далёкую Італію – сватаць для Жыгімонта Бону Сфорцу. Разам з пасольствам малады правідца рушыў у дарогу.
Ля гораду Бэргаму на пасольскі абоз напалі разбойнікі, і хлопец, карыстаючыся з замятні, уцёк. За нейкі час ён пешкі дайшоў да мястэчка Сэн-Рэмі на поўдні Францыі. Нейкая кабета, згледзеўшы дзецюка, спытала, хто ён такі. Міхал адказаў па-старафранцуску: “Мішэль дэ Вастрабрам”. Кабеціна, не дачуўшы, зразумела прамоўленае як “Мішэль дэ Настрадам”. Яна ведала, што ўжо колькі месяцаў, як прапаў сын нядбалых бацькоў Настрадамаў. Міхал ясна бачыў, што бедака таго прадалі ў Стамбуле на рынку рабоў. Здольнасць маладога літвіна і пэўнае падабенства з Мішэлем Настрадамам – ні бацька, ні маці пра яго не клапаціліся, спіхнуўшы выхаванне на сляпога дзеда – дазволілі паспяхова папнуцца ў французы. Міхал знемагаў ад любові да Вялікага Княства, куды не мог вярнуцца, баючыся таямнічага Статуту. Так і памёр Міхал Настрадамусам у 1566 г. – годзе выдання другога Статуту ВКЛ. Звесткі пра сваё жыццё ён зашыфраваў у т. зв. “Пасланнях да Генрыха Другога/Іншага” (1557–1558), ключ для прачытання якіх адшукаў жлобінскі руплівец Андрэй Гмыза (Гмыза А. Был ли Ноcтрадамус белорусам? // Жлобінская праўда. 2001. 29 лістапада).
Злоўжыванне пошукамі папараць-кветкі, асабліва ў часы шляхецкае анархіі, прывяло да згубных наступстваў: папараць перастала цвісці. Да катастрофы спрычынілася і пашырэнне ў Беларусі бульбы. Пылок бульбяных кветак ці то з ветрам, ці то з жамярой трапляў на папараць, змяняючы яе біягенетычную структуру. Калі верыць Генрыку Ходзьку, апошні раз беларуская папараць цвіла ў 1794 г. Праз якія чатыры месяцы пасля гэтага адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, а кветка засталася толькі ў легендах і казках народу, натхняючы прадстаўнікоў новай беларускай літаратуры. Для XIX–XX ст. вобраз папараць-кветкі ў беларускай літаратуры супастаўны па колькасці прыгадак хіба толькі з гістарычным сімвалам нашага краю – “рыцарам збройным на коне з мечем”.
Мой родны кіт
Многім з нас даводзілася чуць у маленстве чарадзейныя казкі, дзе між іншых сюжэтных хадоў выплывала “чудо-юдо рыба-кит” і паглынала якога-кольвек “святорусского богатыря” – зазвычай галоўнага героя ўсяго апавядання. На першых часах апошняга мы вельмі а вельмі шкадавалі. Але разам са сталеннем і навяртаннем у беларушчыну кожны з нас адзначыў нечаканы парадокс: літасці і шкадавання да “богатыря” станавілася вобмаль, а вось чуласці і прыязнасці да таямнічай істоты “рыбы-кит” станавілася шторазу болей. Прычыну гэтага можна растлумачыць адно звярнуўшыся да феномену рыбы-кіт у беларускім гістарычным кантэксце.
Наяўныя гістарычныя матэрыялы, на жаль, не даюць магчымасці сцвердзіць