ў адчайным выкліку прыгажосці: пакінутыя кабеты злосна вытраўлялі са свайго ўжытку ўсё, што несла адбітак жаноцкасці. Зрэшты, тое, што прадавалася ў айчынных крамах, было нібыта спецыяльна прызначана для такога кшталту самакатавання.
Падрастаючы, Юля бачыла вакол сябе заношаныя да павуці-ністай празрыстасці нязграбныя халаты, зашмальцаваныя бясфор-менныя тапкі з наліплымі на падэшвы валаскамі, неверагодна брыдкую бялізну. Вычварны розум якога еўнуха мог вынайсці тыя жудасныя даўжэзныя панталоны «з начосам», з тугімі гумкамі, якія люта ўсмоктваліся ў сцёгны ды пакідалі на скуры чырвоныя палосы, як пасля бізуна? Жанчыны краіны, якая на палітычнай карце свету мела колер крыві, рэзалі на кавалкі старыя прасціны і пасля штомесячнага рэгулярнага выкарыстання замочвалі ў славутым пральным парашку «Пунсовы ветразь». Потым гэтыя пунсовыя ветразі нясціплых надзей, што абстрактным малюнкам плям нагадвалі тую ж палітычную карту свету і сведчылі, няйнакш, пра непарушную дэмаграфічную магутнасць дзяржавы, ставіліся на агонь для кіпячэння. Састарэўшы і згубіўшы палюбоўнікаў, Галіна Іларыёнаўна дазваляла сабе хадзіць усе выхадныя нячэсаная, у прапахлых потам начных кашулях. Ніводны мужчына ў свой час не знайшоў у ёй і грама сексапільнасці; зразумела, яна зроду не чула такога слова, а калі б яго вымавіла пры ёй якая-небудзь заходняя «бэ», з вартым савецкай жанчыны і прапаган-дыста марксізму-ленінізму абурэннем яна пакрыла б нягодніцу сумленным рускім матам. Цалкам мажліва, што, нарадзі Галіна Іларыёнаўна хлопца, яна, прынамсі, не дазволіла б сабе ваяўнічай асексуальнасці. Замест сына нарадзілася Юля, і маці, раздражнёна дэфілюючы па сваім жытле ў абвіслых спартовых штанах і па-драным станіку, адчувала хваравітае задавальненне ад таго, што яе выгляд выклікае адно гідоту. Яна наўмысна апраналася так не з-за беднасці, а каб паказаць дачцэ: яна ніколькі не намагаецца зрабіць сябе прывабнай, ёй не да гэтых бабскіх глупстваў! Юлі часам здавалася, што неразбаўленая канцэнтрацыя жаночай плоці ў іх кватэрцы, не маючая нічога агульнага з жаноцкасцю, становіцца задушлівай, як пах газу, і дастаткова адной запалкі, каб адбыўся выбух. У процілегласць яе ўласнаму полу, занадта добра знаёмаму і нячыстаму, таямнічае мужчынскае жыццё ўяўлялася дзяўчынцы чымсьці ўзвышаным ды недаступным, і стаць прыналежнай яму значыла быць узятай на неба жыўцом.
…Зранку маці, спяшаючыся на камбінат, злосна шпурляла на патэльню яйка з кавалкам заляжалай каўбасы, усё гэта раз’юшана плявалася тлушчам на вялікім агні. Напэўна, з-за перасмажанай ежы Юля пакутавала ад болю ў страўніку, але скардзіцца не асмельвалася – ведала, што маці, здзекваючыся, абвінаваціць яе ў спешчанасці. Калі боль рабіўся нясцерпны, яна ішла да ванны і нізка нахілялася над ёю, робячы выгляд, што ўмываецца, – тады станавілася лягчэй. Але тым ранкам у лазенцы ўжо чысціла зубы маці з бруднага пластыкавага кубка, чысціла, як падалося Юлі, цэлую вечнасць, са смакам выдаляючы з пячор між зубамі жы-лістыя яйкі дыназаўраў. Скурчыўшыся