бліскучай падлозе. Ён зразумеў, паклікаў мяне ў невялічкі пакойчык – відаць, ваннай лічыўся,– узяў вялікі жалезны збан з ручкай, паліваў мне, а я ажно гарэла – і ад сораму, і ад такой увагі: дзе гэта бачна, каб гаспадар мыў ногі рабыні.
Пасля пасадзіў на нязвыкла мяккае крэсла з высокай выгнутай спінкай і пачаў нешта горача гаварыць. Я, вядома, амаль нічога не разумела. Але ягоныя даверлівы тон і ласкавасць у голасе пераконвалі ў добрых намерах. З усяго шматслоўя разабрала толькі два словы: «лебэн» і «лібэн». Я ж была вельмі маладая, мне хацелася і жыць, і кахаць. Але я толькі плечукамі паціскала: маўляў, не разумею. Аднак галавою адмоўна не круціла, каб ён часам не падумаў, што ад нечага адмаўляюся. Ён як бы засердаваў і адпусціў мяне.
Пасля была другая сустрэча сам-насам, трэцяя. Ён заўсёды смачна частаваў, гаварыў, відаць, прыемныя словы. Я не стрымалася… Мы абдымаліся, цалаваліся, гладзілі адно аднаго. Знясілена падалі на шарсцяны коц, колькі хвілін спачывалі, пазіраючы ў вочы, якія гаварылі больш, чым нашыя бязмоўныя языкі. Праўда, неўзабаве языкі навучыліся размаўляць без слоў і лепей за нас. Тады усё пачыналася зноў. Я была так захоплена Альбертам, што мяне ўжо нічога не палохала. Мы баяліся толькі аказацца адно без аднаго. Хай даруе мне Бог, але я гатова была адмовіцца ад вяртання дамоў, нават коштам жыцця родных гатова была абараняць сваё нечаканае і нялюдскае каханне. Хай пасля будзе што будзе, а сёння, цяпер і тут нам было хораша, добра і прыемна, калі можна назваць прыемнасцю кароткія і таемныя спатканні, похапкавае каханне пасля цяжкай працы на мяккай пасцелі ў чыстай Альбертавай спальні, калі ў доме не было ягонай маці.
Я нават жартавала, называла яго на наш манер Алікам:
– Ты, Алік, нашый знак OST. А нумар мы які-небудзь прыдумаем. І тады ніхто нас не адрозніць.
– Ты памыляешся, майн лібэр Лён’я,– казаў ён.– Кахацца остарбайтарам забаронена. Нават між сабой. Калі ж даведаюцца, што гаспадар л’юбіць савецкую, то цябе забяруць ад мяне… і ад тваёй маці. Абстрыгуць твае лён’яныя валасы. За наша л’юбіць цябе могуць аддаць у публічны дом, а мяне ў канцлагер…
Лепей бы ён не казаў гэтага, бо я ўсё адно не ўсё зразумела, але што нас чакацьме, ведала. Алік жа нібыта паддаваў страху. Расказаў яшчэ, што існуе ўказанне іхняй нацыянал-сацыялістычнай партыі аб стварэнні спецыяльных бардэляў для прывезеных рабочых іншых нацыянальнасцяў. Каб захаваць чысціню нямецкай расы. І калі я траплю туды, то мне будзе зусім кепска, а ён без мяне не захоча жыць.
Неўзабаве мае сваякі пачалі заўважаць, што я нейкая не такая, як была раней і як яны ўсе. Больш жыццярадасная, нават пажартаваць любіла, старання, аднак, у працы асаблівага не праяўляла: спаць хацелася. Тым не менш гаспадыня часам таемна падкідвала нам лішні кавалачак хлеба альбо бутэрброд, хоць гэта строга забаронена і магло каштаваць ёй жыцця ці высылкі ў канцлагер, што адно і тое ж.
Маці неаднойчы казала, каб я асцерагалася, бо зайздросных вушэй і вачэй надта шмат, а вяровак у немцаў хапае. Я ад усяго адмаўлялася. Ды хіба матчына сэрца падманеш. Адчувала яна, што са мной адбываецца насамрэч. Але не адгаворвала, не ўшчувала, не кляла. Хоць, што праўда,