Анатоль Бутэвіч

Пацалунак на фоне гор (зборнік)


Скачать книгу

чым адправіць на працу, нейкае высокае начальства прачытала нам кучу розных папярэджанняў, інструкцый, забаронаў, правілаў. Мы зразумелі, што ўсё далейшае наша жыццё будзе пазначана выключна словам «Не!». А парадкі тыя зводзіліся да аднаго кшталту дзеясловаў: забаронена, караецца, не дапускаецца… І толькі адзін назоўнік быў: за парушэнне – смерць. Дазвалялася адно: працаваць, працаваць, працаваць… Да знямогі, да той жа смерці. То невядома, з чаго было выбіраць.

      Найбольш палохала, а каго і смяшыла забарона кахацца. Сур’ёзна і строга загадалі: не цалавацца, не абдымацца, не дапускаць ніякіх іншых вольнасцяў. Асабліва суровая кара чакала таго, хто насмеліцца на полавыя стасункі. Як ні было страшна, а калі перакладчык прамовіў гэтыя словы, шмат хто пырснуў смехам. Гэткіх слоў мы і дома не вымаўлялі. Калі нам было думаць пра тое полавае каханне, мы ж проста жылі. А тут? Хіба нехта будзе кахацца з ворагам?

      Папярэдзілі, каб не спакушалі мы тутэйшых жыхароў. Калі ж што якое, то мужчын належала аддаць на спецыяльную апрацоўку (таксама ж слова выдумалі), а жанчын выслаць у канцлагер. Жорстка каралі і немцаў, якія мелі б той акт учыніць. Бо любая сувязь (нават танцы, проста размовы, прыязныя пагляды і г. д.) з грамадзянінам (так і сказалі, быццам бы з павагай да нас) варожай дзяржавы, які сам па сабе ўжо з’яўляўся ворагам усяго тутэйшага, лічылася злачыннай. Разбурала, значыцца, чысціню нямецкай расы, рабіла шкоду вялікай Германіі.

      За любую правіну – экзекуцыя. А што гэта так, пераканаліся мы вельмі хутка.

      Не паспелі агоўтацца на новым месцы «свабоднай працы», як пагналі ўсіх да лесу. Спыніліся на невялікім поплаве, каля старога галінастага дрэва. Неўзабаве да яго прывезлі схуднелага, моцна збітага савецкага ваеннапалоннага. Невысокі, худы, дзіця дзіцём. Нават мы былі дужэйшыя. Вочы завязаны, рукі скручаны калючым дротам за спінай. Казалі, працаваў разносчыкам – насіў па дамах немцаў вугаль, бульбу, іншыя прадукты і рэчы. Відаць, напаткаў нейкае спагадлівае нямецкае дзяўчо. Не ўтрымаўся і парушыў забарону пра той кляты акт. Ці яны толькі цалаваліся, ці на што іншае наважыліся, то хто ж яго ведае. Адно вядома: арыштавалі абаіх. Ведама, каханне паміж чужаземцам і немкай злачынствам лічылася…

      Нашага салдаціка пра нешта спыталі. Як мог, ён, гаротнік, выгукнуў: «Хай жыве Савецкі Саюз!» Кат у белых пальчатках і ў чорнай масцы падышоў да палоннага. Начапіў на шыю вяроўку. Адапхнуў стол, на якім стаяў салдацік, і тройчы моцна тузануў за ногі. Відаць, баяўся, што таму не хопіць вагі, каб засіліцца.

      Мяне пачало ванітаваць, здавалася, вантробы вываляцца праз рот. Хацелася хутчэй у свой хлеў, каб выплакаць увесь жаль, страх і абурэнне. Але нас прымусілі прайсці каля павешанага і на ўсе вочы пазіраць на яго. Хто не мог ці не хацеў, жорстка збівалі, а ўсіх зноў вялі каля цела няшчаснага.

      Працавалі мы ва ўдавы Лёвер. Яе муж загінуў на ўсходнім фронце. У яе было два сыны, адзін малы яшчэ – Роберт. Другі, Альберт, мой равеснік. А мне тады шаснаццаць было. Ён любіў пацвельвацца з мяне. Калі ўбачыліся першы раз,