згадка-ўспамін пра тое – уга-а якое далёкае ўжо! – іхняе з Іванам знаёмства. І каханне. Хоць слова гэтага, бадай, ніхто з іх ні разу за жыццё і не прамовіў. Каханне, любоў… Прыдумкі ўсё гэта. Спроба схавацца за словамі ад жывога жыцця. Яны з Іванам не раскідваліся словамі, а пражылі, як дай Бог кожнаму.
Ішла позняя восень сорак трэцяга года. Яшчэ не мірная, але для многіх гомельскіх паселішчаў ужо і не ваенная.
У сям-там ацалелых агародчыках дацвіталі невядома як нарослыя астры. Нібыта дзялілі з людзьмі радасць, што крок за крокам, метр за метрам зямля выбаўляецца з ваенных нягодаў. Перапаленая, пераараная снарадамі і мінамі, нашпігаваная іхнімі асколкамі, яна прагла мірнага сяйва. Удзірванелае поле абнадзейліва чакала гаспадарскага клопату, пазбаўлення ад нагрувашчвання паржавелага металу.
Вясковая малеча набірала ў рукі астраў і бегла насустрач савецкім байцам. Многія дзяўчаткі ўпершыню за гэтулькі пакутлівых гадоў ставілі букеты. І ажно святлела ў знябожаным і згалелым вясковым жытле. Нібыта сонейка сялілася тут, прадказваючы блізкую перамогу над ваеннай разрухай і гармідарам.
Вáзамі для букетаў служылі гільзы, але не любыя, не тыя, што пад руку трапяць, а толькі ад савецкіх патронаў і снарадаў. За невымерна доўгі час акупацыі так збрыдзела ўсё нямецкае, што з прыходам сваіх хацелася не толькі цешыцца самім іхнім з’яўленнем, а хутчэй выціснуць з жыцця нямецкі дух. Асабліва зненавідзелі фашыстаў і іхніх памагатых маладыя дзяўчаткі, якіх немцы хапалі для вывазу ў Нямеччыну. З дапамогай мацярок яны намагаліся так састарыць сябе, што часам адна адну не пазнавалі.
А нашы салдаты ажно дзівіліся: чаму гэта адны састарэлыя кабеты засталіся ў недапаленых вёсках?
Ды раптам усе яны з гаротных папялушак ператварыліся ў сапраўдных прыгажунь, расцвілі, прыбраліся. Забытая за гады вайны прыязная ўсмешка маладзіла твары.
Рота зенітчыкаў Руслана Пекушава не давала немцам перадыху, літаральна вісела на пятах. У азарце нават не заўважылі, як вырваліся далёка наперад. Але чакаць сваіх не сталі, дасць Бог не заблукаюць, дагоняць. Пекушаўцы і ў Вялікую Бярозу ўварваліся першымі. Вёска напалохала сваёй пустыннасцю. На ўсю даўжэзную вуліцу хаты можна пералічыць на пальцах рукі. Адны папялішчы. Сям-там сярод асмалкаў мышынымі палацамі здаваліся ледзь бачныя шэрыя зямлянкі.
Немцы, ачомаўшыся, пачалі злосна агрызацца. Пекушаў вырашыў не спяшацца, перачакаць у вёсцы. Пад штаб выбралі адну з ацалелых хат. Пасярод прасторнага і пустога двара зенітны разлік паставіў сваю даўгашыюю спадарожніцу. Калісьці яна пачала ваенныя вандроўкі ажно з-пад Брэста і вось зноў апынулася на беларускай зямлі. Хоць за гэты час змяніўся не адзін разлік, а зенітку збераглі.
Маньчына маці пацяснілася сама, падціснула суседзяў, якіх прытулілі пасля таго, як немцы з паліцаямі спалілі вёску. Камандзіру ж аддалі цэлую бакоўку, дзе раней спала Маня з сястрой. Той выставіў на стол свае афіцэрскія прыпасы – сапраўдны калядны падарунак для вяскоўцаў. Вячэралі з забытым за вайну радасным настроем. Пад франтавыя