дарагі ангельскі кашміровы пінжак. Брунатны пінжак сядзеў выдатна і надаваў Яўгену пераканаўчай грунтоўнасці. У такім пінжаку не сорамна і ў кабінеце міністра лёгкай прамысловасці кавы выпіць. Ну не мог я не пахваліць абнову. Пахваліў і пачуў дзіўную гісторыю… У новым пінжаку Яўген наведаўся ў бар гатэля «Мінск». Замовіў каву з каньяком, сеў каля вітрыннага вакна і пачаў разглядаць пляц Незалежнасці з чырвоным касцёлам ды шэрым домам ураду. «Выдатны пінжак!» – пачуў Дук за плячыма чужы голас. «Я з табой хіба знаёмы?» – нахабна папытаўся самаўпэўненны Яўген. «Можам пазнаёміцца…» Чаму Дук пагадзіўся пазнаёміцца і выпіць? Чаму Дук замочваў абнову з чужым чалавекам да самай ночы? Чаму піў каньяк з рыльца ў скверы, пад помнікам Янку Купалу? Каб ён сам ведаў! Знаёміўся, піў і, што самае дурное, памяняўся з незнаёмцам пінжакамі. Дук аддаў Брунатны і атрымаў летні палатняны, пакамечаны і зусім танны сэкандхэндаўскі пінжачок. Гэты чортаў пінжачок ён кінуў на падлозе і заваліўся спаць. Калі прачнуўся, тады і пазадаваў сабе процьму брыдкіх і цяжкіх безадказных пытанняў. Ну чаму на месцы, дзе павінен быў ляжаць выменяны пакамечаны пінжачок, валялася брудная ануча, якой гады тры нехта мыў падлогу ў нейкім грамадскім месцы? Дук ледзь не заплакаў, пабачыўшы старую, выцвілую да сівізны, скамечаную анучу. З анучай у папяровым пакеце ён і павалокся ў сквер, пад помнік Купалу. На што разлічваў? На цуд? Вядома, на цуд. Больш ніякіх спадзеваў і не было. Цуд здарыўся: на лаўцы ляжаў Брунатны пінжак, а побач з ім стаяла амаль поўная бутэлька піва. Яўген Дук паклаў пад лаўку пакунак з анучай, надзеў свой Брунатны пінжак і выпіў сваё набытае пасярод ночы піва. Толькі здаецца, што чорт можа табе нешта добрае зрабіць, а насамрэч ён лянуецца дарабіць кепскасць, і праз гэта чалавек можа атрымаць трохі радасці.
Зялёныя суніцы
У паштаркі Паўліны хварэла сярэдзіна. Больш дакладна паштарка нічога не магла сказаць пра хваробу. Боль рэзаў напалам. Боль ірваў яе паміж страўнікам і похваю. Жанчыну нечакана скручвала на якую хвіліну, а потым раптоўна адпускала. Дактары казалі: нешта нейкае з кішэчнікам не так. А што там з тымі кішкамі не ў парадку? Самі не ведалі. Куды толькі пакутніца ні хадзіла ды ні ездзіла! Паўсюль пабыла, ва ўсіх папыталася. З-за гэтай хваробы Паўліна азлілася на свет. Сварылася на ўсіх безнагодна. Скаргі пісала гнюсныя ды ілжывыя. Як яна да іншых, так і людзі да яе. Паўліну, мусіць, і з пошты выгналі б, каб яна не знайшла лекі для сваёй хворай сярэдзіны. Пра лекі яна пачула выпадкова, едучы ў цягніку Мінск-Ворша. Адна старая расказвала, што ад хворай сярэдзіны жанчынам дапамагаюць Зялёныя суніцы з чужой магілы. Бо калі ў магіле ляжыць нехта блізкі, з такой зямлі лепей ягады не браць, не дапамогуць і горшай шкоды наробяць. Паўліна вырашыла рызыкнуць. Знайшла на могілках сунічнік. Назбірала жменьку цвёрдых ягадак і зжавала іх. Быў сонечны, цёплы, духмяны дзень. У Паўліны раптам закруцілася галава, і яна легла проста на траву паміж крыжамі. Прылегла і заснула. Жанчыне прыснілася смерць. Яна падышла да Паўліны, стала над