Адам Глобус

Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік)


Скачать книгу

іх вярнулася, пачалі маліць-прасіць вядзьмарку, каб Шэрага сабачку вярнула ў чалавечае аблічча. Яна, канешне, паспрабавала з брахлівага стварэння чары зняць, ды ў яе не атрымалася. Шэры сабака зрабіўся кацянём, кацянё перарабілася ў мыш, мыш стала мухаю, а муха дзынкнула адзін раз і рассыпалася ў пыл. П’яніцы паўцякалі, нават бутэльку недапітую пад цукерачнай крамаю пакінулі. А вядзьмарка легла і праспала ў цішыні да самай ружовай раніцы, ажно пакуль сонца не асвяціла ўвесь высокі шпіль.

      Белая русалка

      Русалка ўпадабала аднаго маладзёна. Ад моцных пачуццяў яна вырашыла яго заказытаць. Як толькі малады мужчына засынаў, русалка прылятала да яго ў кватэру на бульвар Шаўчэнкі, клалася побач і пачынала яго лашчыць, песціць і паказытваць. Калі мужчына прачынаўся, русалка імгненна ўцякала. Ён так напакутаваўся ад русалчыных казытлівых любошчаў, што пайшоў да ведзьмака. Той быў вядомы на ўсю сталіцу, шмат чараваў, зарабляў многа і меў цэлы трохпавярховы дом у зацішным завулку Скарыны. Вядзьмак доўга распытваў мужчыну і сказаў, што русалку трэба злавіць, паланіць і прымусіць працаваць па гаспадарцы. Дзеля гэтага давядзецца не спаць да сярдзіны ночы, потым пазатыкаць гумовымі коркамі і пазаклейваць скотчам усе водаправодныя адтуліны ў ваннай і на кухні, а яшчэ ва ўсе замкі паўстаўляць ключы. Аперацыю трэба загадзя падрыхтаваць і правесці ў поўнай цемры ды цішыні, а потым неабходна запаліць усе кватэрныя лямпы і лямпачкі. Мужчына падрыхтаваўся і зрабіў усё, як параіў вядзьмак. Запаліўшы лямпы і лямпачкі, ён убачыў у сваім ложку аголеную прыгажуню – Белую русалку. Тая паспрабавала ўцячы, але не змагла, пагойсала па кватэры і вярнулася ў ложак, залезла пад коўдру з галавою, сцішылася і заплакала. Толькі пад раніцу русалка перастала плакаць. Мужчына прынёс ёй спартовую вопратку. Так русалка засталася ў яго жыць. Яна была такая прывабная і добрая, што мужчына з ёю ажаніўся. Падчас сціплага вяселля, на якім былі толькі жаніх і нявеста, русалка напаіла мужа віном. Моцным віном русалка моцна напаіла свайго маладога. А калі жаніх захмялеў, спытала, як яму ўдалося яе паланіць. Вядзьмак, зразумела, папярэджваў кліента, што русалка паспрабуе даведацца пра канструкцыю пасткі і будзе з яе выбірацца. Мужчына не хацеў казаць праўду пра коркі і ключы. Не хацеў, але моцнае віно развязала ягоны язык. Ён сказаў Белай русалцы і пра ключы ў замках, і пра гумовыя коркі ў адтулінах. Толькі сказаў, як голая русалка выскачыла з ложка, падбегла да дзвярэй, выцягнула ключ з замка і ўцякла прэч праз замочную шчыліну. Людзі з бульвара Шаўчэнкі нават бачылі, як Белая русалка ляцела над вуліцай у бок Камсамольскага возера.

      Чырвоныя плямінкі

      У краме «Карона» да хлопца падышла дзяўчына і прапанавала выпіць па келіху чырвонага віна ў кавярні «Амстэрдам». Хлопец здзівіўся, але не адмовіўся. Дзяўчына замовіла віно. Выпілі. Яна разлічылася і папрасіла хлопца крыху пагуляць з ёй па вечаровай сталіцы. Маладыя людзі прайшлі праз мост у накірунку Кальварыі. Каля могілак хлопец захваляваўся, папрасіў